Аўдыенцыя для нямецкага епіскапату Аўдыенцыя для нямецкага епіскапату 

Святы Айцец сустрэўся з біскупамі Германіі

Палітычная адказнасць, сацыяльная згуртаванасць, перспектывы міру і аспекты сінадальнага шляху – некаторыя тэмы, узнятыя падчас сустрэчы Папы з нямецкім епіскапатам з нагоды візіту ad limina.

Ян Глінскі - Vatican News

“Двухгадзінная сустрэча мела фармат адкрытай размовы, у якой біскупы маглі агучваць свае пытанні і праблемы, а Папа адказваў на іх”, - адзначаецца ў камунікаце Канферэнцыі Біскупаў Германіі, у якім падсумоўваецца аўдыенцыя з Пантыфікам, што адбылася 17 лістапада 2022 года.

“З пункту гледжання зместу, сярод тэмаў былі разважанні пра душпастырства ў зменлівы час, разуменне святарскага і біскупскага служэння, удзел свецкіх у жыцці Касцёла, а таксама такі выклік як паспяховая евангелізацыя ў кантэксце секулярызаванага свету”, - напісана ў дакуменце.

Біскупы расказалі Францішку аб сваім служэнні ў дыяцэзіях і аб сваёй прыхільнасці да Паўсюднага Касцёла. Падчас сустрэчы, як адзначаецца ў камунікаце, была звернута ўвага на пытанні “палітычнай адказнасці, сацыяльнай згуртаванасці і перспектывы міру ва ўмовах глабальных і рэгіянальных канфліктаў”.

“У размове ўздымаліся таксама аспекты сінадальнага шляху Касцёла ў Германіі і сусветнага сінадальнага працэсу”, - напісалі нямецкія іерархі. Гэтыя тэмы будуць разгледжаны больш глыбока 18 лістапада падчас сустрэчы біскупаў з кіраўнікамі ватыканскіх дыкастэрый.
 

18 лістапада 2022, 08:28