Святы Айцец завяршыў Апостальскі візіт у Бахрэйн
Аляксандр Панчанка – Vatican News
6 лістапада 2022 года, пасля сустрэчы з бахрэйнскім духавенствам, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі работнікамі, Пантыфік здзейсніў прыватны візіт у старыжытны касцёл Найсвяцейшага Сэрца ў Манаме, дзе сустрэўся з групай вернікаў з розных краін Персідскага заліву, выказаўшы ім падзяку за сведчанне веры і адзінства з Паўсюдным Касцёлам.
Потым Францішак накіраваўся на авіябазу Сахір, якая размяшчаецца ў пяці кіламетрах ад горада Авалі. Там са Святым Айцом развіталіся кароль Бахрэйна Хамад ібн Іса Аль Халіф, члены каралеўскай сям’і, імам Аль-Азхара Ахмад Аль-Таеб і мясцовыя каталіцкія біскупы.
Папа апошнім узышоў на борт самалёта авіякампаніі Gulf Air, якім вылецеў у Рым. Маршрут палёта пралягае праз паветраную прастору Бахрэйна, Кувейта, Ірака, Турцыі, Грэцыі, Албаніі і Італіі. Ён будзе працягвацца каля 5 гадзін 35 хвілін. Прылёт у рымскі аэрапорт Ф’юмічына чакаецца ў 16.35 па мясцовым часе.
Падарожжа Францішка ў Бахрэйн праходзіла 3-6 лістапада 2022 года. Яго галоўнай мэтай было падтрыманне мясцовай каталіцкай супольнасці і ўдзел у Бахрэйнскім форуме на карысць дыялогу: Усход і Захад за чалавечае суіснаванне – буйной міжрэлігійнай канферэнцыі, якая праводзіцца пад патранатам караля гэта краіны Аравійскага паўвострава.