Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: прыбытак і чалавек не павінны ставіцца ў адзін шэраг

Напярэдадні ўрачыстасці Божага Нараджэння Папа сустрэўся ў Ватыкане з дэлегацыяй Усеагульнай італьянскай канфедэрацыі працы – найбуйнейшага прафсаюза краіны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак нагадаў, што праца для чалавека – гэта месца сустрэчы паміж яго асабістым пакліканнем і сацыяльным вымярэннем. “Праца дазваляе людзям самарэалізавацца, жыць братэрствам, умацоўваць сяброўства і рабіць лепшым свет”, - сцвердзіў ён падчас аўдыенцыі, якая 19 снежня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Пантыфік звярнуў увагу на асноватворную функцыю працы для грамадства, бо яна з’яўляецца “першасным досведам грамадзянскай адказнасці”. Ён заклікаў прафсаюзы спрыяць фармацыі работнікаў, пашыраючы разуменне сэнсу працы і прасоўваючы братэрства паміж імі.

Іншае заданне – звяртаць увагу на дэфармацыі ў працоўнай дзейнасці: “культуру адчужэння”, якая ўварвалася ў свет працы, палавую дыскрымінацыю ў аплаце працы, адсутнасць магчымасцей у моладзі, неабароненасць работнікаў, якія выконваюць самыя цяжкія віды працы. “Занадта шмат людзей пакутуе ад беспрацоўя або нягоднай працы: іх абліччы заслугоўваюць увагі і прыхільнасці прафсаюзаў”, - сказаў Пантыфік.

Францішак звярнуў асаблівую ўвагу на праблему бяспекі работнікаў. “На працоўных месцах яшчэ занадта шмат загінулых, пакалечаных і параненых! Кожная смерць на вытворчасці – параза ўсяго грамадства. Замест таго, каб падлічваць іх у канцы кожнага года, мы павінны памятаць іх імёны, таму што гэта людзі, а не лічбы. Не дапусцім, каб прыбытак і чалавек ставіліся ў адзін шэраг!”, - сказаў ён.

Папа заахвоціў змагацца з незаконным наймам і рабствам у сельскай гаспадарцы або на будоўлях, прымусам да знясільваючых змен, падступнымі гульнямі з кантрактамі, пагардай да мацярынства, канфліктамі паміж сферай працы і сям’і. “У апошнія гады павялічылася колькасць так званых “працуючых бедных”: людзей, якія, нягледзячы на працу, не могуць утрымліваць свае сем’і і даваць надзею на будучыню. Прафсаюз пакліканы быць голасам тых, хто не мае голасу”, - сцвердзіў ён.

“Дарагія сябры, я запрашаю вас быць “вартавымі” свету працы, ствараючы саюзы, а не бясплоднае супрацьстаянне. Людзі прагнуць міру, асабліва ў гэты гістарычны момант, і ўклад кожнага з’яўляецца фундаментальным. Навучанне міру таксама і на працоўных месцах, часта пазначаных канфліктамі, можа стаць знакам надзеі для кожнага. Нават для будучых пакаленняў”, - сказаў Пантыфік, давяраючы сваіх гасцей апецы святога Юзафа.
 

19 снежня 2022, 11:50