Пантыфік: пажарны – гэта місія служэння людзям у час патрэбы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа заўважыў, што з хрысціянскага пункту гледжання гэта прафесія “знаходзіць адпаведнік у прыпавесці пра Добрага Самараніна”, які “вучыць нас выйсці за межы надзвычайнай сітуацыі і падрыхтаваць умовы для вяртання да нармальнага жыцця”.
“Ваша прафесія з'яўляецца адной з тых, якія маюць характар місіі: місіі служэння людзям у час патрэбы, ад малых да вялікіх надзвычайных сітуацый; місіі служэння годнасці людзей, якія ніколі не павінны быць пакінуты ў час цяжкасцей; місіі служэння агульнаму дабру грамадства, якое, асабліва ў час крызісу, які мы перажываем, мае патрэбу ў разумных, надзейных сілах”, - звярнуў увагу Пантыфік.
Віншуючы італьянскіх пажарных з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння, Францішак правёў аналогію паміж іх працай і місіяй Езуса: “Ён прыйшоў, каб дапамагчы нам у небяспецы, каб выратаваць нас, і зрабіў Ён гэта самым радыкальным чынам, ведаючы, што павінен аддаць сваё жыццё за наша збаўленне”.
“Няхай гэта вялікая хрысціянская ўрачыстасць стане для кожнага нагодай адкрыць і адчуць, наколькі Бог любіць чалавека, кожнага чалавека!”, - пажадаў Папа.