Пантыфік: Езус адкрывае нам Бога, поўнага спагады і пяшчоты
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Жыццё з’яўляецца складаным, а калі мы не навучымся “чытаць” яго – рызыкуем яго змарнаваць, - папярэдзіў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 21 снежня 2022 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, працягваючы цыкл катэхетычных разважанняў, прысвечаных духоўнаму распазнаванню.
“Падчас нашай першай сустрэчы мы ўбачылі, што заўсёды, кожны дзень, хочам мы таго ці не, мы здзяйсняем акты распазнавання ў тым, што мы ямо, чытаем, на працы, у адносінах – ва ўсім. Жыццё заўсёды ставіць нас перад выбарам, і калі мы не робім яго свядома, у рэшце рэшт жыццё выбірае за нас, вядзе нас туды, куды мы не хочам”, - заўважыў ён.
Францішак прапанаваў паразважаць пра дадатковую дапамогу, якая можа палегчыць распазнаванне. Першай ён назваў “супастаўленне з Божым словам і вучэннем Касцёла”. Гэта дапамагае нам разумець тое, што адбываецца ў сэрцы, “вучыцца распазнаваць голас Бога і адрозніваць яго ад іншых галасоў”.
Пантыфік нагадаў, што голас Бога гучыць у спакоі і цішыні. “Узгадаем досвед прарока Іллі: Пан прамаўляе да яго не ў ветры, які расколвае камяні, не ў агні ці землятрусе, а ў лёгкім ветрыку. Гэта вельмі прыгожы вобраз, які дапамагае зразумець, як прамаўляе Бог”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што Бог не навязвае сябе, Яго словы паважаюць слухача і напаўняюць спакоем, неабходным, “каб распазнаць сапраўдныя жаданні, якія Пан паклаў у нашыя сэрцы”.
Пантыфік нагадаў, што “Божае слова для верніка – гэта не проста тэкст для чытання”, але “жывая прысутнасць, дзеянне Святога Духа, які суцяшае, навучае, дае святло, моц, адпачынак і радасць жыцця”. Папа заўважыў, што невялікія біблійныя ўрыўкі – гэта быццам “тэлеграмы ад Бога, якія трапляюць нам проста ў сэрца”, і нясуць у сабе сапраўднае “прадчуванне раю”.
Другая дапамога ў распазнаванні – гэта блізкія адносіны з Панам. Пантыфік заўважыў, што вельмі часта мы можам мець “скажонае ўяўленне пра Бога”, успрымаючы Яго як панурага, суровага суддзю, гатовага пакараць нас. “Наадварот, Езус адкрывае нам Бога, поўнага спагады і пяшчоты, гатовага ахвяраваць сабой дзеля сустрэчы з намі, як бацька з прыпавесці пра марнатраўнага сына”, - запэўніў Францішак.
“Тыя, хто прабывае перад Укрыжаванным, адчуваюць новы супакой, вучацца не баяцца Бога, бо Езус на крыжы нікога не палохае, Ён – вобраз поўнай бяссілля і адначасова найпаўнейшай любові, здольнай прыняць любое выпрабаванне дзеля нас”, - сказаў Папа.
Ён адзначыў, што аповед пра Муку Езуса ўказвае галоўны шлях супрацьстаяння злу, не паддаючыся яму; у ім няма асуджэння і нават роспачы, таму што яго перанізвае большае святло, святло Вялікадня, якое дазваляе нам убачыць большую задуму ў гэтых жудасных дзеяннях, якія не могуць зрабіць марнымі ніякія перашкоды, бар’еры або няўдачы”.
Францішак зазначыў, што цудоўна думаць пра адносіны з Панам як пра сяброўства, якое ўмацоўваецца з кожным днём. Гэта “сяброўства здольнае змяняць сэрцы”; “гэта адзін з вялікіх дароў Духа Святога – пабожнасць, якая робіць нас здольнымі распазнаваць айцоўства Бога”, любові якога нішто не можа супрацьстаяць.
Папа падкрэсліў, што гэта нагадвае нам пра іншую вялікую дапамогу – дар Духа Святога, які прысутнічае ў нас, які навучае нас, робіць жывым Божае слова, якое мы чытаем, адчыняе дзверы, якія здаваліся зачыненымі, указвае шляхі жыцця там, дзе здавалася, былі толькі цемра і блытаніна. “Святы Дух – гэта распазнаванне ў дзеянні, прысутнасць Бога ў нас, гэта найвялікшы дар, які Айцец гарантуе тым, хто аб ім просіць”, - сказаў ён.
Напрыканцы катэхезы Пантыфік нагадаў словы, якімі Літургія гадзін распачынае асноўныя моманты малітвы на працягу дня: “Божа, прыйдзі мне на дапамогу, Пане, паспяшы да мяне на паратунак”. Францішак заўважыў, што гэта малітва аб збаўленні – нястрымная просьба, якая зыходзіць з глыбіні нашай душы. “Заданнем распазнавання з’яўляецца распазнаванне збаўлення, якое Пан споўніў у маім жыцці, яно нагадвае мне, што я ніколі не самотны і што, калі працягваю барацьбу, гэта таму, што нешта важна стаіць на коне”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што з гэтай дапамогай, якія Пан дае нам, мы не павінны баяцца.