Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік патэлефанаваў маладому ўдаўцу і бацьку двайнят

Францішак ва ўрачыстасць Божага Нараджэння размаўляў па тэлефоне з маладым італьянскім удаўцом і бацькам. Ён паспрабаваў суцешыць мужчыну, для якога святы сталі сапраўдным выпрабаваннем.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Жонка Джакама Кафана памерла 22 снежня 2022 года пасля нараджэння двайнят у Брындызі, - паведаміла італьянскае каталіцкае выданне Avvenire. Святар, які духоўна суправаджаў сям'ю, напісаў ліст да Папы пасля смерці 41-гадовай Вівіаны Дэлега. У ім ён прасіў Святога Айца маліцца за сям’ю.

На днях святар паведаміў у сацыяльных сетках пра тэлефонную размову Францішка і Джакама Кафана. “Мне цяжка парушыць маўчанне, але я раблю гэта, каб паўтарыць глыбокую радасць, якую адчуў у гэты дзень Божага Нараджэння”, “гэта былі словы суцяшэння і надзеі перад абліччам пакут сям’і”, - падзяліўся ксёндз Даната Леуцы.

Акрамя двайнят, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў бальніцы, у Вівіаны Дэлега засталася шасцігадовая дачка.
 

27 снежня 2022, 11:36