Святы Айцец: крытэрый ацэнкі святога Францішка Сальскага – любоў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сёлета адзначаецца 400-я гадавіна смерці святога з Ансі, Біскупа Жэневы ў выгнанні на працягу дваццаці гадоў, але перш за ўсё натхняльніка метаду, які ён сам вызначаў як цалкам новы, што і дазволіла Яну Паўлу ІІ назваць яго “лекарам Божай любові”.
На адзінаццаці старонках, палову з якіх складаюць біяграфічныя нататкі і цытаты з катэхетычных прац святога Францішка Сальскага, Папа акрэслівае вобраз святога апекуна журналістаў і адзначае яго здольнасць бачыць “змены часу”. Гэта дазволіла яму зразумець, што “Слова, якое ён любіў з юнацтва, здольнае пракладваць сабе дарогу, адкрываючы новыя і непрадказальныя гарызонты ў свеце хуткіх змен”.
Францішак адзначае, што гэта застаецца “істотным заданнем” таксама і для нашай зменлівай эпохі: “не зацыклены на сабе Касцёл, вольны ад усяго мірскога, але здольны жыць у свеце, дзяліць жыццё з людзьмі, ісці разам, слухаць і вітаць”.
Святы Айцец спасылаецца на вобраз птушак-аподаў, якія маюць настолькі маленькія ногі, што не могуць прызямліцца, бо ў іх не будзе сілы ўзляцець, калі толькі вецер не дапаможа ім гэтага зрабіць. “Так адбываецца і з чалавекам: створаны Богам, каб лётаць і раскрываць увесь свой патэнцыял у закліку да любові, ён рызыкуе стаць няздольным паляцець, калі ўпадзе на зямлю і не згаджаецца зноў раскрыць свае крылы для ветру Духа”, - заўважае ён. Папа адзначае, што сіла Бога заўсёды можа вярнуць стан “палёту”, але “ўставаць ці не – справа чалавека”.
Затым Пантыфік спыняецца на дарагой для яго тэме пабожнасці, таму што нават у часы святога Францішка Сальскага “эпахальныя змены выклікалі шмат пытанняў у гэтым плане”. На думку Папы, разумення і перазапуску сёння патрабуюць два аспекты. Першы датычыцца самой ідэі пабожнасці, другі – яе ўніверсальнага і агульнанароднага характару.
І калі па самой ідэі пабожнасці трэба адрозніваць сапраўдную пабожнасць ад шматлікіх яе ілжывых праяў, то ў пытанні ўніверсальнасці святы Францішак Сальскі падкрэслівае, што пабожнасць не можа быць аднолькавай.
Той, хто наважваецца “ўздымацца” да Бога, але не жыве любоўю да бліжняга, падманвае сябе і іншых, - нагадвае Папа. Сам святы Францішак Сальскі падкрэслівае, што кантэмпляцыйнае жыццё вышэйшае толькі тады, калі яно прыносіць плён, але калі большы плён прыносіць актыўнае жыццё, варта аддаваць перавагу яму.
Карацей кажучы, крытэрыем добрага распазнання з’яўляецца любоў, таму што “калі чалавек падыходзіць да боскасці з увагай, ён адразу адчувае салодкае пачуццё ў сваім сэрцы, якое даказвае, што Бог ёсць Богам чалавечага сэрца”.
Такім чынам, для святога Францішка Сальскага не было “лепшага месца, каб знайсці Бога і дапамагчы шукаць Яго, чым сэрца кожнага чалавека яго часу”, “ён навучыўся гэтаму, назіраючы за сабой з вялікай увагай, з ранняга юнацтва, і ўважліва даследуючы чалавечае сэрца”.
Нягледзячы на тое, што святы “ніколі не прэтэндаваў на распрацоўку сапраўднай і правільнай тэалагічнай сістэмы, яго разважанні аб духоўным жыцці мелі выбітную тэалагічную вартасць”.
Францішак Сальскі практыкаваў тэалогію, якая абапіралася на духоўнае і касцёльнае жыццё і якая перавышала навуковыя спрэчкі таго часу. “Свет, - пісаў ён, - становіцца настолькі крохкім, што хутка мы не адважымся больш дакранацца да яго без аксамітных пальчатак, лячыць яго раны без прыпарак з цыбулі; але якое гэта мае значэнне, калі людзі вылечваюцца і ў канчатковым рахунку збаўляюцца? Наша каралева, любоў, робіць усё для сваіх дзяцей”.
Менавіта любоў з’яўляецца адказам на крызіс. Гэта тая рыса, якую Папа Францішак палічыў вырашальнай у біяграфіі Біскупа Жэневы і асабліва акцэнтаваў яе ў сваім новым апостальскім лісце.