Падчас сустрэчы Францішка з удзельнікамі Форуму сямейных аб'яднанняў Падчас сустрэчы Францішка з удзельнікамі Форуму сямейных аб'яднанняў 

Святы Айцец: сям’я – фактар братэрства і грамадскага сяброўства

Cтымуляваць добрую палітыку для сем'яў і з сем'ямі, - заклікаў Папа ўдзельнікаў Форуму сямейных аб'яднанняў, якіх прыняў 2 снежня 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прычым рабіць гэта трэба зыходзячы не з нейкай ідэалогіі, а з дактрыны і сацыяльнай практыкі Касцёла, шляхам дыялогу з усімі інстытутамі, якія адказваюць за сямейную палітыку, служачы не інтарэсам аднаго боку, а агульнаму дабру, - звярнуў увагу Францішак.

Добрую сямейную палітыку, перакананы ён, трэба практыкаваць “не крытыкуючы, як часта бывае, працу палітычных апанентаў, а канструктыўна, робячы рэалістычныя і дакументальна пацверджаныя прапановы і экспертныя парады”. Гэта дазволіць “думаць і дзейнічаць палітычна”, але па-за партыйнымі групоўкамі.

“Хрысціянская сям'я ніколі не можа замкнуцца ў сваёй абалонцы. (...) Хрысціянская сям'я – але я б сказаў, што кожная сям'я, заснаваная на любові – адкрытая і ўважлівая да таго, што адбываецца па-за домам (...). Сям’я паклікана быць фактарам братэрства і грамадскага сяброўства”, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак заклікаў сваіх гасцей знаходзіць неабходны час для малітвы, для дыялогу паміж сужонкамі і дзецьмі, а таксама для супольнага жыцця ў Касцёле. Паводле яго, сем'і, якія жадаюць прымаць удзел у грамадскім і палітычным жыцці, павінны, перш за ўсё, развіваць сужэнскую і сямейную духоўнасць.
 

02 снежня 2022, 13:02