Святы Айцец: пільнасць – знак мудрасці і пакоры

Недастаткова добра распазнаць і зрабіць правільны выбар. Мы павінны заставацца пільнымі, - нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 14 снежня 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак прысвяціў сваю катэхезу тэме пільнасці, падкрэсліваючы, што яна таксама з’яўляецца важным элементам духоўнага распазнавання, які дапамагае не змарнаваць усё тое, што было дасягнута ў выніку працэсу духоўнага распазнавання.

“Сапраўды, у сваім прапаведаванні Езус моцна настойвае на тым, каб добры вучань быў пільным, каб чуваў, не дазваляў сабе стаць празмерна самаўпэўненым, калі справы ідуць добра, але заставаўся ўважлівым і гатовым выконваць свой абавязак”, - зазначыў Пантыфік.

Францішак нагадаў словы, якія Хрыстус казаў вучням: “Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; а вы – падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе” (Лк 12, 35-37).

Папа патлумачыў, што гаворка ідзе пра “стан душы хрысціян, якія чакаюць канчатковага прыйсця Пана”; але гэта “таксама можна разумець як штодзёную пазіцыю, якую трэба захоўваць у жыцці”, каб “нашы добрыя рашэнні, часам прынятыя пасля сур’ёзнага распазнавання, маглі настойліва і паслядоўна трываць і прыносіць плён”.

Святы Айцец папярэдзіў, што без пільнасці існуе рызыка таго, што ўсё дасягнутае будзе страчана. “Гаворка ідзе не пра небяспеку псіхалагічнага парадку, а пра духоўную небяспеку, пра сапраўдную пастку злога духа”, - падкрэсліў ён, дадаючы, што д’ябал заўсёды чакае моманту калі чалавек будзе празмерна ўпэўнены ў сабе, калі будзе адчуваць сябе ў парадку, калі яго справы будуць ісці вельмі добра і ён, нарэшце, згубіць пакору, неабходную, каб бараніць сваё сэрца.

Пантыфік заўважыў, што ў такім выпадку злы дух можа ўвайсці ў сэрца чалавека, як у дом, “незаняты, падмецены і ўпрыгожаны”, але які ніхто не ахоўвае. І ён прыходзіць не адзін, а разам з “сямю іншымі духамі, злейшымі за сябе”. “Адно можна сказаць напэўна: тут уваходзіць у гульню кепская ганарлівасць, упэўненасць у тым, што мае рацыю, што здольныя, што ўсё ў нас у парадку... Калі мы занадта давяраем самім сабе, а не Божай ласцы, тады Злы знаходзіць дзверы адчыненымі. У выніку ён здзяйсняе выправу і завалодайце гэтым домам. І Езус заключае: “І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што злы дух дзейнічае непрыкметна, уваходзіць, пераапрануўшыся ў анёла, таму вельмі важна чуваць, ахоўваць дзверы ў сэрца. “Недастаткова добра распазнаць і зрабіць правільны выбар. Мы павінны заставацца пільнымі...”, - сцвердзіў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што “пільнасць – гэта знак мудрасці, а перш за ўсё гэта знак пакоры”, якая з’яўляецца “галоўным шляхам хрысціянскага жыцця”.
 

14 снежня 2022, 10:36

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >