Твітэру Пантыфіка – 10 гадоў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У той час навіна стала сенсацыяй. Мала хто думаў, што тады 85-гадовы Бэнэдыкт XVI стане першым Пантыфікам, які напіша твіт. Але Святы Пасад паставіўся да гэтага сур'ёзна. Дзесяць гадоў таму адкрыўся не адзін, а дзевяць “папскіх каналаў”, пачынаючы ад італьянскай і англійскай і заканчваючы арабскай і лацінскай мовамі.
Гістарычная падзея мела месца ў 12-ы дзень 12-га месяца 12-га года новага тысячагоддзя падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У 10.30 па цэнтральнаеўрапейскім часе Святы Айцец дакрануўся да экрана планшэта, даслаўшы свету кароткі тэкст па-італьянску.
Кароткія паведамленні на @pontifex сталі важным сродкам камунікацыі. Францішак пераняў профіль ад свайго папярэдніка.
Сёння дзевяць моўных версій маюць разам больш за 53 мільёна падпісчыкаў: па 19 мільёнаў чалавек лайкаюць паведамленні Папы на англійскай і іспанскай мовах, каля 5 мільёнаў – на італьянскай і партугальскай. Нават на лацінскай мове папскія твіты чытаюць каля мільёна чалавек. На нямецкамоўным акаўнце – каля 680 тысяч падпісчыкаў, каля 550 тысяч – на арабскамоўным. Іх колькасць пастаянна расце.
Твітэр адыгрывае адмысловую ролю ў служэнні Францішка з пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны. На першым этапе Папа размяшчаў свае заклікі да міру ва Украіне на ўсіх каналах. Яго антываенныя паведамленні пачалі з'яўляцца ў новай графіцы і з фотаздымкамі. Адметнымі сталі яго твіты на рускай і ўкраінскай мовах.