Анёл Панскі: трэба прыняць заклік Хрыста пакінуць усё
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак, прызначаны Касцёлам на ІІІ Звычайную нядзелю года А (Мц 4, 12-23), у якім гаворыцца аб пакліканні першых вучняў.
Папа адзначыў, што Езус заўсёды ставіць нас перад неабходнасцю пакінуць усё, каб пайсці за Ім. “Гэта вырашальны момант для кожнага хрысціяніна, бо гаворка ідзе пра сэнс усяго астатняга. Калі мы не знойдзем у сабе адвагі выправіцца ў дарогу, рызыкуем застацца толькі гледачамі нашага жыцця і жыць сваёй верай напалову”, - звярнуў увагу ён.
Пантыфік патлумачыў, што гаворка ідзе пра адвагу адмовіцца ад нашых заганаў і грахоў, але таксама страхаў, эгаістычных разлікаў, часу, змарнаванага на вялікую колькасць бескарысных рэчаў. Ён дадаў, што гэта дазваляе адчуць жыццё ў поўнай меры. “Каб напоўніць жыццё, неабходна прыняць выклік пакінуць”, - падкрэсліў ён.
Францішак заахвоціў згадваць напружаныя моманты, калі мы сустрэліся з Езусам, і сітуацыі, калі мы перажылі нешта прыгожае і значнае, бо пакінулі іншыя, менш важныя рэчы, а таксама задумацца над тым, якіх ахвяраў Хрыстус хоча ад нас сёння.
“Няхай Марыя дапаможа нам сказаць, як сама Яна, поўнае “так” Богу, умець пакінуць нешта, каб лепш наследаваць Яго”, - сказаў на заканчэнне разважання Святы Айцец.