Анёл Панскі: пазбавіцца ад імкнення да асабістай выгады
Марыя Валодзіна - Vatican News
Святы Айцец заўважыў, што Евангелле сённяшняй Літургіі прысвечана Сведчанню Яна Хрысціцеля (Ян 1, 29-34). Пасля хросту ў рацэ Ярдан ён кажа пра Езуса: “Гэта той, пра якога я сказаў: пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне.” (Ян 1, 30).
На думку Папы, гэтыя словы “раскрываюць дух служэння Яна”. Ён быў пасланы, каб падрыхтаваць шлях Месіі, і зрабіў гэта, не шкадуючы сябе. “Па-чалавечы можна было б падумаць, што за гэта яго ўзнагародзяць нейкай прэміяй, што ён займе важнае месца ў грамадскім жыцці Езуса,” - зазначыў Пантыфік. Але так не адбылося. Выканаўшы сваю місію, Ян Хрысціцель адыходзіць у бок, сыходзіць са сцэны, саступаючы месца Езусу. Ён бачыў, як Дух Святы сышоў на Яго (Ян 1, 33-34), ён назваў Яго Баранкам Божым, які бярэ на сябе грэх свету. Ён прапаведаваў народу, збіраў вучняў і навучаў іх цягам доўгага часу, і ўсё ж ён не прывязвае нікога да сябе. “Гэта складана, але гэтым адрозніваецца сапраўдны выхавацель: ён не прывязвае людзей да сябе”, - падкрэсліў Папа. Замест гэтага Ян Хрысціцель накіроўвае сваіх вучняў па слядах Езуса. “Ён не зацікаўлены ў тым, каб мець паслядоўнікаў, здабыць прэстыж і поспех, ён робіць крок назад, каб дазволіць людзям адчуць радасць сустрэчы з Езусам”, - сказаў Францішак.
Паводле Папы, “сваім духам служэння, сваёй здольнасцю саступаць месца Ян Хрысціцель вучыць нас адной важнай рэчы: свабодзе ад карысці”, бескарыслівасці. Імкненне да роляў і пасад, неабходнасць быць ацэненымі, прызнанымі і ўзнагароджанымі, хоць і натуральнае, але нядобрае, таму што служэнне – гэта бескарыслівы клопат пра іншых без якіх-небудзь прывілеяў для сябе, без схаваных матываў. Нам таксама трэба імкнуцца да бескарыслівасці, каб “у належны час адысці ў бок, сведчачы аб тым, што арыенцірам жыцця з'яўляецца Езус”, - параіў Папа.
Святы Айцец заклікаў задумацца над тым, наколькі бескарыслівасць важная для святара, каб прапаведаваць і цэлебраваць не дзеля асабістай выгады альбо пратаганізму, а дзеля суправаджэння іншых да Езуса. Бескарыслівасць таксама неабходная бацькам, якія з самаахвяраваннем выхоўваюць дзяцей, але затым “павінны дазволіць ім свабодна ісці сваім шляхам у працы, шлюбе, жыцці”. Добра і правільна, калі бацькі працягваюць прысутнічаць у жыцці дзяцей, кажучы ім: мы не пакінем вас, але “рабіць гэта трэба далікатна, без дакучлівасці”, - лічыць Францішак. Тое ж самае адносіцца і да сяброўства, сужэнства, грамадскага жыцця. Уменне адысці ў бок вельмі важнае, Папа назваў яго “вырашальным крокам да росту ў духу служэння”.
Пантыфік заклікаў вернікаў паспрабаваць запытацца ў саміх сябе: ці здольныя мы саступіць месца іншым? Ці здольныя мы пачуць іншых, адпусціць іх на волю, не прывязваць да сябе, патрабуючы прызнання сваіх заслуг? Ці прывязваем мы іншых людзей да Езуса альбо да сябе? Ці можам мы, па прыкладу Яна Хрысціцеля, радавацца таму, што людзі ідуць сваім шляхам, нават коштам дыстанцавання ад нас? Ці радуемся мы іх дасягненням, шчыра і без зайздрасці?
У канцы прамовы Папа заклікаў Найсвяцейшую Панну Марыю дапамагчы нам пазбавіцца ад імкнення да асабістай выгады, каб вызваліць месца для Пана і іншых людзей.