Францішак просіць аб малітве за Афрыку
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Звяртаючыся да франкамоўных пілігрымаў, Папа прывітаў групу вернікаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Гэта “краіна, якую я маю намер наведаць у канцы гэтага месяца і якую даручаю вашым малітвам!” - сказаў Францішак 18 студзеня 2023 года.
Звяртаючыся да англамоўных вернікаў, Папа сказаў: “Я прашу вас усіх разам маліцца за ксяндза Айзака Ачы, з дыяцэзіі Мінна, на поўначы Нігерыі, якога забілі ў мінулую нядзелю ў яго парафіяльным доме. Колькі хрысціян адчуваюць гвалт на ўласнай скуры: памолімся за іх!”.
Святар загінуў уначы 15 студзеня 2023 года ў Кафін-Кора. Ён знаходзіўся ў парафіяльным доме пры касцёле святых Пятра і Паўла, калі ў тры гадзіны ночы туды спрабавалі патрапіць невядомыя рабаўнікі. “Цалкам магчыма, што забойцы спрабавалі ўвайсці ў дом, але не змаглі, тады яны падпалілі дом, святар згарэў жыўцом”, - паведаміў агенцтву Fides дапаможны біскуп Мінны Лука Сільвестр Гапэп. Перш чым падпаліць будынак, рабаўнікі адкрылі стральбу.