Пошук

Папа: Божая справядлівасць – міласэрнасць, якая збаўляе

Мэта Божай справядлівасці “не ў асуджэнні вінаватага, а ў яго збаўленні і адраджэнні”, - адзначыў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якая 8 студзеня 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Сёння мы адзначаем свята Хросту Пана, і Евангелле паказвае нам дзіўную сцэну: Езус першы раз з’яўляецца публічна пасля свайго схаванага жыцця ў Назарэце; Ён прыходзіць на бераг ракі Ярдан, каб прыняць хрост ад Яна (Мц 3, 13-17), - заўважыў Пантыфік дадаючы, што “гэта быў абрад, з дапамогай якога людзі здзяйснялі пакаянне і абавязваліся навярнуцца”.

“Але, бачачы, як Езус злучаецца з грэшнікамі, здзіўляешся і задаешся пытаннем: чаму Ён, Святы Божы, бязгрэшны Божы Сын, зрабіў такі выбар? Адказ мы знаходзім у словах, якія Езус скіраваў да Яна: “Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва”. Выканаць усё, што справядліва: што гэта значыць?”, - спытаў Пантыфік.

Францішак патлумачыў, што “прымаючы хрост, Езус аб’яўляе нам Божую справядлівасць, якую Ён прыйшоў прынесці ў свет”. Папа нагадаў, што мы часта маем вузкае ўяўленне пра справядлівасць і лічым, што гаворка ідзе пра расплату за зробленае зло. Аднак Божая справядлівасць большая за людскую: яе мэта “не ў асуджэнні вінаватага, але ў яго збаўленні і адраджэнні”.

“Гэта справядлівасць, якая паходзіць з любові, з тых глыбінь спагады і міласэрнасці, якія з’яўляюцца сэрцам Бога, Айца, які турбуецца, калі нас прыгнятае зло і мы падаем пад цяжарам грахоў і слабасцей”, - дадаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што на берагах Ярдана Езус адкрыў нам сэнс сваёй місіі: “Ён прыйшоў, каб выканаць Божую справядлівасць, якая заключаецца ў збаўленні грэшнікаў; Ён прыйшоў, каб узяць на сябе грэх свету і сысці ў воды бездані, смерці, каб ацаліць нас і не даць нам патануць. Ён паказвае нам, што сапраўдная Божая справядлівасць – гэта міласэрнасць, якая збаўляе, любоў, якая падзяляе наш чалавечы стан, набліжаецца, спачувае нашаму болю, уваходзіць у нашу цемру, каб прынесці святло”, - сцвердзіў Францішак.

Папа нагадаў словы Бэнэдыкта XVI, які казаў, што “Бог пажадаў збавіць нас, спусціўшыся на дно бездані смерці, каб кожны чалавек, нават той, які ўпаў так нізка, што ўжо не бачыў неба, мог знайсці Божую руку, ухапіцца за яе і падняцца з цемры, каб убачыць святло, для якога ён створаны”.

Па словах Святога Айца, хрысціяне пакліканы ажыццяўляць такую ж справядлівасць у адносінах з блізкімі, у Касцёле і ў грамадстве: не судзіць, дзелячы людзей на добрых і дрэнных, але з міласэрнасцю падзяляць іх пакуты і слабасці, каб дапамагчы ім падняцца. “Не дзяліць людзей, а дзяліцца з імі”, - заахвоціў Францішак і заклікаў вернікаў наследаваць прыклад Езуса: “Несці цяжары адзін аднаго, глядзець адзін на аднаго са спагадай, дапамагаць адзін аднаму”.
 

08 студзеня 2023, 13:03

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >