Францішак пра Бэнэдыкта XVI: я страціў бацьку
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік прызнаўся, што дзякуючы Папу-эмерыту адчуваў сябе ў бяспецы, бо ў выпадку сумневаў, якія ў яго ўзнікалі, сядаў у аўтамабіль і ехаў да свайго папярэдніка за парадай у кляштар Mater Ecclesiae.
У адказ на пытанне пра магчымую адстаўку з пасады Наступніка святога Пятра Францішак заявіў, што калі б гэта адбылося ён бы выкарыстоўваў тытул “Біскупа Рыма на пенсіі”, а не “Папы-эмерыта” і пасяліўся б у доме для пажылых святароў Рымскай дыяцэзіі. Ён заўважыў, што досвед Бэнэдыкта XVI даў будучым Папам большую свабоду ў пытаннях, звязаных з адрачэннем.
На думку Святога Айца, яго папярэднік яшчэ быў прывязаны да канцэпцыі папства: “У гэтым ён не быў цалкам свабодным, бо хацеў вярнуцца ў сваю родную Германію і працягваць вывучаць тэалогію там. Але ён зрабіў усё магчымае, каб быць як мага бліжэй. І гэта быў добры кампраміс, добрае рашэнне”, - дадаў Францішак.
Адказваючы на пытанне пра стан свайго здароўя, Святы Айцец сказаў, што “вярнуўся” дывертыкуліт, з-за якога ён перанёс аперацыю на кішэчніку ў ліпені мінулага года, але сітуацыя “пад кантролем”. Ён таксама распавёў, што ў выніку падзення атрымаў невялікую расколіну ў калене, аднак, дзякуючы тэрапіі, яна зажыла без хірургічнага ўмяшання. Папа падкрэсліў, што стан яго здароўя, для яго ўзросту, нармальны. “Я магу і заўтра памерці, але ўсё пад кантролем. Здароўе ў мяне добрае. І я заўсёды прашу ласкі, каб Пан даў мне пачуццё гумару”, - прызнаўся Святы Айцец.