Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй Канферэдарыі брацтваў Рымскай дыяцэзіі Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй Канферэдарыі брацтваў Рымскай дыяцэзіі  (Vatican Media)

Пантыфік брацтвам: не замыкацца ў сабе і не тужыць па мінулым

Евангелізацыйнасць, эклезіяльнасць і місіянерства – тры фундаментальныя лініі, прытрымлівацца якіх Папа заклікаў італьянскія каталіцкія брацтвы, якія аб’ядноўваюць каля 2 мільёнаў вернікаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

16 студзеня 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў Канфедэрацыі брацтваў Рымскай дыяцэзіі. Ён нагадаў, што свецкія пакліканы спрыяць асвячэнню свету, дзейнічаючы ўнутры яго на падабенства закваскі. Пантыфік заклікаў сваіх гасцей быць заўсёды паслухмянымі Святому Духу і асаблівым чынам адзначыў каштоўнасць народнай пабожнасці, захаванню якой спрыяюць брацтвы, у тым ліку з дапамогай правядзення традыцыйных рэлігійных працэсій.

“Няхай багацце і памяць аб вашай гісторыі ніколі не стануць для вас прычынай замкнёнасці ў сабе, настальгічнага святкавання мінулага, закрытасці перад абліччам сучаснасці або песімізму адносна будучыні”, - сказаў Папа, заклікаючы прадстаўнікоў брацтваў заставацца адкрытымі на знакі часу і Божыя сюрпрызы.

На думку Святога Айца шлях каталіцкіх брацтваў павінен быць пазначаны евангелізацыйнасцю, эклезіяльнасцю і місіянерствам: гэта значыць, што неабходна ісці за Хрыстом, ісці разам і абвяшчаць Евангелле.

Пантыфік заклікаў вернікаў паставіць Езуса ў цэнтр свайго існавання, штодзённа звяртацца да Божага слова, прымаць сакрамэнты, весці актыўнае малітоўнае і літургічнае жыццё. Ён падкрэсліў таксама патрэбу ў мужным абнаўленні традыцый брацтваў у еднасці з Касцёлам, каб яны былі даступнымі і зразумелымі ўсім і дапамагалі набліжацца да веры тым, хто знаходзіцца далёка ад яе. Напрыканцы сустрэчы Папа заахвоціў сваіх гасцей быць уважлівымі да новых форм беднасці, якія існуюць у свеце, “з крэатыўнасцю і мужнасцю адказваючы на патрэбы нашага часу”.
 

16 студзеня 2023, 11:53