Сцяг Мальтыйскага ордэна Сцяг Мальтыйскага ордэна 

Пантыфік да Мальтыйскага ордэна: пакорна сведчыць пра любоў Бога

Спалучаць клопат пра бедных са сведчаннем уваскрасення Хрыста, служыць і дбаць пра адзінства, - заклікаў Папа Суверэнны вайсковы шпітальны ордэн святога Яна, Радоса і Мальты.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

25 студзеня 2023 года Пантыфік скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Генеральнага капітула Мальтыйскага ордэна, які праходзіць у Рыме. Ён нагадаў, што “любоў да Бога патрабуе любові да бліжняга”, і што сам Хрыстус атаясамліваў сябе з беднымі, патрабуючымі і малымі гэтага свету.

Клопат пра гэтых людзей з’яўляецца для хрысціян “сведчаннем Яго блізкасці і любові”, - сказаў Папа, дадаючы, што “для будавання больш справядлівага свету няма іншага шляху, акрамя шляху Евангелля”, а мы “пакліканы пачаць з сябе, практыкуючы міласэрную любоў там, дзе жывём”.

Святы Айцец заўважыў, што праз абмыццё ног вучняў Езус вучыць служэнню. Нарадзіўшыся ў яслях і будучы ўкрыжаваным, Ён паказвае, што валадарыць праз пакору. “Сваімі словамі, жыццём і смерцю Настаўнік указвае нам, што ўчынкі міласэрнасці адкрываюць брамы Нябеснага Валадарства. У вашым ордэне вы намагаецеся жыць менавіта гэтым, што вельмі радуе мяне”, - прызнаўся Францішак, высока адзначыўшы клопат членаў Ордэна пра духоўныя і матэрыяльныя патрэбы бедных.

Пантыфік нагадаў пра важнасць шчырага прабачэння і прымірэння, у тым ліку пасля момантаў напружанасці, якія яны перажылі ў мінулым. Здольнасць прабачаць сведчыць пра свабоду чалавека і яго міласэрнае сэрца, яна ператвараецца ў братэрства, па якім людзі пазнаюць вучняў Хрыста, - запэўніў Папа.

Францішак папярэдзіў пра небяспеку свецкага, эгаістычнага і спажывальніцкага менталітэту, пажадаў, каб іх гуманітарная дзейнасць была спалучана са сведчаннем пра ўваскрасенне Хрыста. Папа таксама падзякаваў за дапамогу, якую Мальтыйскі ордэн аказвае ў клопаце пра бежанцаў і ахвяр вайны, у тым ліку ва Украіне.

Святы Айцец нагадаў пра працэс абнаўлення, праз які праходзіць Ордэн, заклікаў прыняць і спрыяць ажыццяўленню прынцыпаў, змешчаных у новай Канстытуцыйнай хартыі і Мальтанскім кодэксе. Пантыфік адзначыў таксама важнасць адзінства ў гэтай супольнасці, патрэбнага для пераканаўчага евангельскага сведчання і плённага выканання яе місіі.

“Нават сам суверэнітэт, добра вядомая і ўнікальная характарыстыка, якой вы карыстаецеся як манаскі ордэн, служыць і павінна служыць справам міласэрнасці, якія вы выконваеце. Нам трэба быць пільнымі, каб яе не сказіў свецкі менталітэт. Няхай вашыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы таксама будуць прыладамі праяўлення міласэрнай любові і салідарнасці”, - пажадаў членам Мальтыйскага ордэна Папа.
 

25 студзеня 2023, 12:55