Папа абвясціў Сусветнае малітоўнае чуванне і нагадаў пра Украіну
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа нагадаў, што з 18 па 25 студзеня 2023 года пройдзе традыцыйны Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціян. Тэма гэтага года: “Рабіце дабро, шукайце справядлівасці” (Іс 1, 17). “Мы ўдзячныя Пану, Які з вернасцю і цярпеннем вядзе Свой народ да поўнай камуніі, і просім Святога Духа прасвятліць і падтрымаць нас сваімі дарамі”, - сказаў Святы Айцец.
“Шлях да адзінства хрысціян і сінадальны шлях Касцёла ўзаемазвязаныя. Таму я карыстаюся гэтай магчымасцю, каб абвясціць, што ў суботу, 30 верасня, на плошчы святога Пятра адбудзецца Сусветнае малітоўнае чуванне, з дапамогай якога мы даверым Богу працу ХVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Для моладзі, якая прыйдзе на чуванне ў гэтыя выхадныя, супольнасцю Тэзэ будзе арганізаваная спецыяльная праграма. Я ўжо зараз заклікаю братоў і сясцёр усіх хрысціянскіх канфесій прыняць удзел у гэтым сходзе народа Божага”, - заахвоціў вернікаў Францішак.
Затым, у чарговы раз, Папа нагадаў пра вайну ва Украіне. “Браты і сёстры, давайце не будзем забываць пра змучаны ўкраінскі народ, які так моцна пакутуе. Мы застаемся побач з ім у нашых пачуццях, у нашай дапамозе, у нашай малітве”, - сказаў Папа.