Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак да моладзі СДМ: адкрыйце сэрцы і глядзіце ў далечыню

Францішак скіраваў відэапасланне да 400 тысяч юнакоў і дзяўчат, якія зарэгістраваліся для ўдзелу ў ХХХVII Сусветных днях моладзі ў Лісабоне. Форум пройдзе 1-6 жніўня 2023 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік прызнаўся, што быў “уражаны і шчаслівы”, калі даведаўся, якая вялікая колькасць маладых людзей пацвердзіла свой удзел у асамблеі за некалькі месяцаў да яе пачатку. Святы Айцец таксама падзяліўся радасцю з той прычыны, што многія зарэгістраваліся, “бо адчуваюць патрэбу паўдзельнічаць” у гэтай падзеі, “прагнуць дзяліцца, распавядаць пра свой вопыт і прымаць вопыт іншага”.

Францішак выказаў перакананасць у тым, што Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне стануць для іх магчымасцю адкрыць для сябе новыя гарызонты і навучыцца глядзець у далечыню. “Не будуйце мур перад сваім жыццём. Муры закрываюць вас, а гарызонт дапамагае расці! Заўсёды глядзіце далей за гарызонт, перш за ўсё – сэрцам! Адкрыйце вашы сэрцы на іншыя культуры, на іншых хлопцаў і дзяўчат, якія таксама прыбудуць на гэты Дзень. Будзьце гатовы адкрыць свой гарызонт і сваё сэрца”, - заклікаў Папа.

Францішак падзякаваў моладзі, якая зарэгістравалася для ўдзелу ў форуме, выказваючы спадзяванне, што іншыя пойдуць за іх прыкладам. “Няхай Бог благаславіць, а Маці Божая беражэ вас. Маліцеся за мяне, а я буду маліцца за вас. І не забывайце: не – мурам, так – гарызонтам!”, - завяршыў сваё кароткае відэапасланне Святы Айцец.
 

20 студзеня 2023, 10:05