Папа на Новы год: адмовіцца ад выгод і адкрыцца на Божую навізну
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Сёння мы давяраем Найсвяцейшай Маці нашага дарагога Папу-эмерыта Бэнэдыкта XVI, просячы, каб Яна суправаджала яго ў яго пераходзе з гэтага свету да Бога”, - сказаў Францішак.
Ён падкрэсліў, што Касцёл “асаблівым чынам моліцца да Багародзіцы за дзяцей, якія пакутуюць і не маюць больш сіл маліцца, за шматлікіх братоў і сясцёр, пацярпелых ад вайны ў многіх частках свету, якія перажываюць гэтыя святочныя дні ў цемры і холадзе, у галечы і страху, стаўшы ахвярамі насілля і абыякавасці”.
“Праз рукі Маці Божы мір хоча ўвайсці ў нашы дамы, нашы сэрцы, наш свет. Але як яго прыняць?” - спытаў Пантыфік, прыводзячы ў прыклад бэтлеемскіх пастухоў, якія “пайшлі і ўбачылі”.
Ён патлумачыў, што прыняць Бога і Яго спакой нельга седзячы і чакаючы, пакуль усё палепшыцца само сабой, трэба “ўстаць, скарыстацца магчымасцямі ласкі, ісці, рызыкаваць”. “Замест таго, каб здзіўляцца, чакаць і спадзявацца, што нешта зменіцца, было б добра спытаць сябе: “Куды я хачу пайсці ў гэтым годзе? Да каго я пайду рабіць дабро?”.
“Так шмат людзей у Касцёле і ў грамадстве чакаюць дабра, якое можаш даць ты і толькі ты, – твайго служэння. І перад абліччам ляноты, якая анестэзіруе, і абыякавасці, якая паралізуе, перад абліччам рызыкі абмежавацца сядзеннем перад экранам з рукамі на клавіятуры, сучасныя пастыры заклікаюць нас ісці, быць узрушанымі тым, што адбываецца ў свеце, запэцкаць рукі, каб рабіць дабро, адмовіцца ад многіх звычак і выгод, адкрыцца на Божую навізну, якая знаходзіцца ў пакоры служэння, у адвазе клопату”, - звярнуў увагу Францішак.
Папа заахвоціў у пачатку года, сярод многіх новых рэчаў, якія мы хацелі б спазнаць і зрабіць, знайсці час, каб “расплюшчыць вочы і трымаць іх адкрытымі на тое, што мае значэнне: на Бога і на іншага чалавека".