Папа нагадаў кубінцам пра хрысціянскія карані
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа выказаў надзею на тое, што памяць пра падарожжа Яна Паўла II на Кубу, якое адбылося 25 гадоў таму, з 21 па 25 студзеня 1998 года, дасць “новы імпульс для таго, каб працягваць будаваць будучыню нацыі з надзеяй і рашучасцю”. Ліст, скіраваны да арцыбіскупа Гаваны Гарсія Радрыгеса, кубінскіх біскупаў і вернікаў, даставіў на Кубу кардынал Беніяміна Стэла, які падчас апостальскага падарожжа Яна Паўла II на Кубу быў апостальскім нунцыем і, па словах Францішка, “прывілеяваным сведкам гэтай падзеі”.
Пантыфік узгадаў адзін з заклікаў Яна Паўла II, з якім ён звярнуўся да маладых кубінцаў 23 студзеня 1998 года: “Вярніцеся да кубінскіх і хрысціянскіх каранёў і зрабіце ўсё магчымае, каб пабудаваць больш годную і больш свабодную будучыню! Не забывайце, што адказнасць – гэта частка свабоды. Акрамя таго, чалавек вызначаецца перш за ўсё за свае абавязкі перад іншымі і перад тварам гісторыі”.
Гэтыя кубінскія і хрысціянскія карані, - гаворыцца ў лісце Францішка, - “умацаваліся, дазваляючы нам убачыць, як яны растуць і квітнеюць у сведчанні многіх з вас, хто працуе і ахвяруе сабой кожны дзень на карысць іншых, не толькі вашых сем'яў, але і вашых суседзяў, сяброў, усіх людзей, асабліва самых уразлівых”.
Святы Айцец падзякаваў кубінцам за тое, што яны з'яўляюцца прыкладам супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі, і заклікаў працягваць “ісці разам у надзеі, ведаючы, што заўсёды, і асабліва ў час нягод і пакут, Езус і Яго Маці суправаджаюць вас, дапамагаюць несці ваш крыж і суцяшаюць вас радасцю ўваскрасення”.
У заключэнне Папа абнавіў заклік вярнуцца да каранёў, узгадаўшы словы кубінскага святара і філосафа Фелікса Варэлы Маралеса аб “неабходнасці ўкараніцца ў дабры”: калі дрэва ўкараніцца, яно хутка разрасцецца, выпрастае свае галіны, у цені якіх будзе адпачываць дабрачыннасць”.