Папа: Ойча, у рукі Твае аддаем дух Бэнэдыкта XVI

Раніцай 5 студзеня 2023 года на ватыканскай плошчы святога Пятра прайшло пахаванне Папы-эмэрыта Бэнэдыкта XVI, які адышоў у вечнасць 31 снежня 2022 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У 8.50 цела Бэнэдыкта XVI у кіпарысавай труне было вынесена з базылікі святога Пятра, дзе яно знаходзілася з панядзелка, 2 студзеня.

Пасля Ружанца ў інтэнцыі спачылага Бэнэдыкта XVI пачалася пахавальная святая Імша, якую узначаліў кардынал Джаванні Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Папа Францішак прамовіў гамілію. Ён нагадаў словы Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой (Лк 23, 46), апошнія словы, якія Езус прамовіў на Крыжы, і якія характарызавалі ўсё Яго жыццё: пастаянную адданасць ў рукі Айца свайго. “У рукі прабачэння і спачування, ацалення і міласэрнасці, рукі памазання і благаславення”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Францішка, словы Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой - гэта запрашэнне і жыццёвы план пастыра, у сэрцы якога пульсуюць тыя ж пачуцці, што і ў сэрцы Езуса. Удзячная адданасць служэнню Пану і Яго народу, якая ўзнікае ў тым, хто належыць Богу, у тым, хто стаіць пад абаронай Яго рук, пад абаронай Яго сэрца. Малітоўная адданасць, якая фарміруецца і адточваецца сярод скрыжаванняў і супярэчнасцяў, з якімі сутыкаецца пастыр, які пасвіць статак. Як і Настаўнік, ён нясе на сваіх плячах стомленасць і знясіленне ад заступніцтва за свой народ, асабліва там, дзе існуе пагроза яго годнасці. Быць пастырам – значыць любіць, а любіць – значыць быць гатовым пакутаваць, - адзначыў Францішак.

Адданасць, падмацаваная суцяшэннем Святога Духа, якое заўсёды суправаджае яго ў місіі, у гарачым імкненні перадаць прыгажосць і радасць Евангелля (Gaudete et exsultate, 57), у плённым сведчанні тых, хто, як Марыя, доўга застаецца ля Крыжа, у тым цяжкім, але трывалым супакоі, які не нападае і не падпарадкоўвае, а таксама ва ўпартай, але цярплівай надзеі, што Пан выканае сваё абяцанне, якое Ён даў “бацькам нашым і яго патомству навекі” (Лк 1,54-55).

Таксама і мы, Касцёльная супольнасць, жадаем пайсці па слядах Езуса і “аддаць нашага брата ў рукі Айца: каб гэтыя рукі міласэрнасці знайшлі яго светач, запалены алеем Евангелля, якое ён распаўсюджваў і сведчыў сваім жыццём”, - сказаў Святы Айцец (пар. Мц 25, 6-7). З падзякай, надзеяй і любоўю, а таксама з мудрасцю, далікатнасцю і адданасцю, якія спачылы Папа дараваў на працягу многіх гадоў, “мы хочам сказаць разам: Ойча, у рукі Твае аддаем дух яго".

“Бэнэдыкце, верны сябра Жаніха, хай жа радасць твая будзе дасканалай, калі ты канчаткова і навекі пачуеш Яго голас!” – такімі словамі скончыў сваю гамілію Святы Айцец.

05 студзеня 2023, 11:25