Папа: абвяшчэнне Евангелля павінна несці вызваленне і новае жыццё

Езус дае прыклад абвяшчэння Евангелля, якое не прыгнятае, але аздараўляе, дорыць святло і новае жыццё, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 25 студзеня 2023 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На Хрыста, як на настаўніка абвяшчэння і сведчання Евангелля, Пантыфік звярнуў увагу, працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу. Ён заўважыў, што “радасць, вызваленне, святло, аздараўленне і здзіўленне” былі адметнымі рысамі прапаведавання Езуса, якія неабходна наследаваць сучасным вернікам.

Прапаведуючы ў сінагозе ў Назарэце, Хрыстус прачытаў словы прарока Ісаі: “Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана”. Затым Езус сказаў: “Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі”, - нагадаў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што ў гэтым урыўку ўтрымліваецца пяць важных элементаў хрысціянскага прапаведавання: у першую чаргу яно павінна быць па-сапраўднаму радаснай навіной. “Немагчыма казаць пра Езуса без радасці, бо вера – гэта надзвычайная гісторыя любові, якой трэба дзяліцца. Сведчыць пра Езуса, рабіць нешта для іншых у Яго імя – гэта значыць між радкоў жыцця казаць: мы атрымалі настолькі прыгожы дар, што ніякіх слоў не хопіць, каб яго выказаць”, - сцвердзіў Пантыфік, дадаючы, што сумнае абвяшчэнне Евангелля не прымаецца людзьмі.

Іншы элемент хрысціянскага прапаведавання – яно павінна несці вызваленне: Хрыстус кажа, што быў пасланы, каб вызваліць палонных, а не для таго, каб прыгнятаць іншых ці накладаць на іх цяжары і пачуццё віны.

“Безумоўна, наследаванне Езуса прадугледжвае аскетызм, ахвяру; з іншага боку – калі кожная цудоўна рэч патрабуе гэтага, тым больш вызначальная рэальнасць жыцця! Але той, хто сведчыць пра Хрыста, паказвае прыгажосць мэты, а не цяжкасць падарожжа. Магчыма, нам здаралася распавядаць каму-небудзь пра добрае падарожжа, якое мы здзейснілі: мы ж казалі пра прыгажосць мясцін, пра тое, што ўбачылі і перажылі, а не пра час, які патрацілі да дарогу, і пра чэргі ў аэрапорце! Такім чынам, кожнае абвяшчэнне, годнае Адкупіцеля, павінна перадаваць вызваленне”, - параіў Пантыфік.

Трэці аспект, на які звярнуў увагу Папа, гэта святло, якім Езус адараў праз вяртанне зроку сляпым. Гаворка ідзе пра “святло, якое дазваляе бачыць жыццё па-новаму”. Таксама і для нас хрысціянскае жыццё пачалося з “прасвятлення” – менавіта так называлі сакрамэнт хросту ў старажытнасці, - сказаў Францішак.

“А якое святло дае нам Езус? Святло сыноўства: Ён – умілаваны Сын Айца, вечна жывы; з Ім мы таксама з’яўляемся Божымі дзецьмі, вечна любімымі, нягледзячы на нашы памылкі і заганы. Таму жыццё больш не з’яўляецца сляпым рухам да нябыту, гэта не пытанне лёсу ці ўдачы, не тое, што залежыць ад выпадку ці зорак, або нават ад здароўя і фінансаў, але ад любові Айца, які клапоціцца пра нас, сваіх любімых дзяцей”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Прапаведаванне павінна таксама несці аздараўленне, - сказаў Папа, нагадваючы, што Езус прыйшоў, каб вызваліць людзей ад хвароб і цяжкасцей, зробленых памылак, а ў першую чаргу ад зла і граху.

“Таму суправаджаць кагосьці на сустрэчу з Езусам азначае весці яго да лекара сэрца, які паляпшае жыццё. Гэта значыць казаць: “Брат, сястра, у мяне няма адказаў на многія твае праблемы, але Езус ведае і любіць цябе, Ён можа аздаравіць цябе і супакоіць тваё сэрца”, - падкрэсліў Пантыфік, нагадваючы, што абцяжараныя і спакутаваныя патрабуюць у першую чаргу прабачэння, а той, хто верыць у Хрыста, можа падарыць менавіта гэта: “моц Божага прабачэння, якая вызваляе душу ад усіх правінаў”.

Абвяшчэнне Евангелля, якое дае новае жыццё, павінна выклікаць таксама здзіўленне, - сказаў Францішак, гаворачы пра пяты элемент хрысціянскага прапаведавання. Ён заклікаў памятаць, што вялікія справы чынім не мы, а “ласка Пана, якая таксама і праз нас робіць непрадказальныя рэчы”.

Святы Айцец яшчэ нагадаў, што Евангелле скіравана да бедных. “Давайце будзе памятаць пра іх і пра тое, што, каб прыняць Пана, кожны з нас павінен стаць убогім духам: гэта значыць, пераадолець усе прэтэнзіі на самадастатковасць, усвядоміць сябе патрабуючым ласкі, заўсёды патрабуючым Бога”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.
 

25 студзеня 2023, 10:49

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >