Папскі элемазінарый падзякаваў за шчодрую падтрымку Украіны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Цалую вам рукі і па-братэрску абдымаю. Дзякуй за тое, што гэтыя Каляды былі па-сапраўднаму хрысціянскімі. Мы маглі падзяліцца з іншымі нечым сваім, і нават калі для нас гэта было невялікае грашовая ахвяраванне, для іншых – гэта жыццё”, - падкрэсліў e кароткім відэазвароце прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.
Іерарх выказаў удзячнасць усім, хто на працягу апошніх тыдняў паўдзельнічаў у кампаніі салідарнасці з Украінай праз краўдфандынгавую платформу Eppela, дзе замест запланаваных 100 тысяч еўра на дадзены момант было сабрана больш за 306 тысяч. “Ваша шчодрасць была неверагоднай”, - дадаў Апостальскі элемазінарый.
Дзякуючы ахвяраванням было набыта тэрмаадзенне і электрагенератары, тэрмінова неабходныя пры халодным надвор’і ў сітуацыі разбурэння грамадзянскай інфраструктуры расійскімі ракетнымі ўдарамі.
Кардынал Краеўскі нагадаў, што на Божае Нараджэнне асабіста наведаў Украіну, даставіўшы частку гуманітарнага груза ў Кіеў і іншыя гарады. Акрамя таго ў Польшчу прыбылі тры грузавыя аўтамабілі з тэрмаадзеннем і электрагенератарамі, якія затым накіраваліся ў Львоў і іншыя рэгіёны спакутаванай ад вайны краіны.