Папа падчас сустрэчы з Супольнасцю папы Яна ХХІІІ Папа падчас сустрэчы з Супольнасцю папы Яна ХХІІІ  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Айцец: любоў дапамагае расці

14 студзеня 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі каля 700 дзяцей з каталіцкага руху Супольнасць папы Яна ХХІІІ, заснаванай італьянскім святаром і выхавацелем, ксяндзом Арэстэ Бэнцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа нагадаў, што Бог ведае кожнага з нас па імені. “Мы не ананімы, не з’яўляемся фотакопіямі, кожны з нас – непаўторны. І так павінна быць”, - сказаў Пантыфік, спасылаючыся на словы благаслаўлёнага Карла Акуціса. Ён падкрэсліў, што хрысціянская супольнасць, якая прымае чалавека як унікальнага, як Божае дзіця, як брата ці сястру Езуса, дапамагае бачыць яго такім, якім бачыць яго Бог.

“А як глядзіць на нас Бог? – З позіркам любові. Бог бачыць таксама нашы абмежаванні, гэта праўда, і дапамагае несці іх: але ў першую чаргу Бог глядзіць у сэрца і бачыць кожнага чалавека ў яго паўнаце”, - запэўніў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што любоў Бога дапамагае расці і імкнуцца да гэтай паўнаты. Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на ролю сям’і, якую назваў адказам на прыроджаную патрэбу ў адносінах, што мае кожны чалавек.

Папа нагадаў, што ў аснове дзейнасці ксяндза Арэстэ Бэнцэ быў менавіта такі погляд на дзяцей з нешчаслівых кантэкстаў: ён глядзеў на іх вачыма Езуса. “І знаходзячыся побач з тымі, хто сваволіў, на кім паставілі крыж, ён разумеў, што ім не хапае любові бацькі і маці, ласкавасці братоў”, - дадаў Пантыфік.

Францішак пажадаў, каб у дзяцей не скрадалася дзяцінства і падзякаваў ім за ружанцовую малітву за мір, на якую яны збіраюцца кожную нядзелю анлайн. “Будзьце ўпэўнены, што Бог прыме вашу малітву і працягвайце ўзносіць яе”, - пажадаў Святы Айцец сваім маленькім гасцям на заканчэнне сустрэчы.
 

14 студзеня 2023, 12:53