Святы Айцец: наследаваць пастырскае сэрца Езуса

Езус – найдасканалейшы прыклад абвяшчэння Евангелля, - падкрэсліў Папа, падчас агульнай аўдыенцыі, якая 18 студзеня 2023 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу, заклікаючы вернікаў наследаваць прыклад Езуса Добрага Пастыра і клапаціцца пра людзей, якія аддаліліся ад Касцёла. Пантыфік заўважыў, што Хрыстус заўсёды знаходзіўся ў адносінах, заўсёды выходзіў насустрач.

На першым месцы ў жыцці Езуса была блізкасць з Айцом і малітва. Менавіта ў гэтых адносінах Ён адкрываў сэнс свайго быцця чалавека, сэнс свайго існавання ў свеце, як місіі дзеля нас. Папа нагадаў, што першым публічным учынкам Хрыста стала выйсце да людзей, якія хацелі прыняць хрост ад Яна. “Такім чынам Ён дае нам ключ для разумення Яго дзейнасці ў свеце: выдаць сябе за грэшнікаў, будучы салідарнымі з намі, без аддалення, у поўным раздзяленні свайго жыцця”, - дадаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што Хрыстус – гэта самы дасканалы вобраз Добрага Пастыра, які “аддае жыццё сваё за авечак” (Ян 10, 11)

“Быць пастырам – гэта значыла не проста выконваць працу, якая вымагала шмат часу і сіл; гэта быў сапраўдны лад жыцця: дваццаць чатыры гадзіны ў суткі, жыць са статкам, суправаджаць яго на пашу, спаць сярод авечак, клапаціцца пра слабейшых. Іншымі словамі, Езус не проста зрабіў нешта для нас, але аддаў усё, аддаў сваё жыццё за нас. Яго сэрца – пастырскае. Ён пасвіць усіх нас”, - сцвердзіў Папа.

Францішак падкрэсліў, што Касцёл у сваёй душпастырскай дзейнасці павінен заўсёды параўноўваць сябе з Езусам. “Перш за ўсё мы можам спытаць сябе: ці наследуем мы Яго, чэрпаючы з крыніц малітвы, каб наша сэрца было ў сугуччы з Яго сэрцам? Блізкасць з Ім, як сказана ў цудоўным творы абата Шатара, з’яўляецца “душой усякага апостальства”. Сам Езус выразна сказаў сваім вучням: “Без Мяне нічога не можаце зрабіць” (Ян 15, 5). Калі прабываем з Езусам, адкрываем для сябе, што Яго пастырскае сэрца заўсёды б’ецца для тых, хто заблукаў, хто згубіўся, хто далёкі. А наша?”, - спытаў Святы Айцец.

Пантыфік зазначыў, што Езус Добры Пастыр любіць усіх і жадае выратаваць тых, хто заблукаў. “Бог не сузірае сваіх авечак, закрытых за агароджай” і “не пагражае ім, каб яны не выходзілі вонкі”: наадварот, калі нехта выйдзе і заблукае, Ён не пакідае яго, але шукае”, - дадаў Папа.

“Пан пакутуе, калі мы аддаляемся ад Яго сэрца. Ён пакутуе за тых, хто не ведае прыгажосці Яго любові і цеплыні Яго абдымкаў. Але ў адказ на гэтыя пакуты Ён не замыкаецца, а рызыкуе: пакідае дзевяноста дзевяць авечак, якія знаходзяцца ў бяспецы, і адпраўляецца за адной, якой не хапае, робячы такім чынам нешта рызыкоўнае і нават ірацыянальнае, але сугучнае Яго пастырскаму сэрцу, якое тужыць па тым, хто адышоў; Ён не мае гневу ці крыўды, але невычэрпную тугу па нас. Гэта руплівасць Бога”, - свердзіў Францішак.

Святы Айцец спытаўся: ці маем мы падобныя пачуцці? Ён заклікаў не глядзець “на тых, хто пакінуў статак, як на праціўнікаў або ворагаў”, але сустракаючы іх у розных асяроддзях, карыстацца нагодай, каб даць ім радаснае сведчанне пра Айца, які любіць іх і які ніколі не забываецца пра іх.

Папа заахвоціў наследаваць пастырскае сэрца Езуса, цярпець і рызыкаваць “у сугуччы з Яго пастырскім сэрцам”. “Гаворка не ідзе пра празелітызм, каб іншыя сталі “нашымі”, але пра любоў, каб яны былі шчаслівымі дзецьмі Бога”, - сказаў Францішак, заклікаючы прасіць у малітве аб ласцы пастырскага сэрца, адкрытага на іншых і блізкага да ўсіх, бо “без такой любові, якая пакутуе і рызыкуе, ёсць пагроза, што мы будзе пасвіць толькі саміх сябе”, а не статак.
 

18 студзеня 2023, 10:35

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >