Францішак да марыянаў: творча рэагаваць на выклікі эпохі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кангрэгацыя была заснавана ў Кракаве ў снежні 1670 года айцом Станіславам Папчыньскім. “Гэта быў нялёгкі пачатак, - узгадаў Папа, - Але святы Станіслаў не здаўся, спадзеючыся на сілу Святога Духа”. У спадчыну марыянам ён пакінуў “тры вялікія лініі духоўнасці”, на якіх і засяродзіў Францішак сваю прамову: любоў да Панны Марыі, малітва аб памерлых і ўвага да бедных.
Па-першае, любоў да Марыі. Францішак нагадаў, што паводле святога Станіслава, галоўным у пакланенні Беззаганнай Марыі з'яўляецца імітаванне яе евангельскага жыцця, бо “Марыя – гэта жанчына Евангелля” (Мц 12, 46-50).
Другі аспект – малітва аб памерлых. Святы Станіслаў асабліва заклікаў да малітвы за загінулых у баі жаўнераў і памерлых ад чумы, - нагадаў Францішак, дадаўшы, што “у сямнаццатым стагоддзі каля 60 % насельніцтва Еўропы было вынішчана эпідэміямі і войнамі”. Неабходна было маліцца аб душах памерлых і аб суцяшэнні сем'яў, адзначаных горам і жалобай па сваіх блізкіх (Ян 11, 35-36), - падкрэсліў Папа.
Трэцяя рыса – гэта ўвага да бедных. Айцы марыяне дапамагалі вырашаць некаторыя сур'ёзныя праблемы свайго часу: заняпад веры, недахоп святарскіх і манаскіх пакліканняў, галеча значнай часткі насельніцтва (Мц 9, 35-38).
Папа заклікаў марыянаў, абапіраючыся на гэтую спадчыну, працягваць творча рэагаваць на выклікі нашай эпохі, “не губляцца, сутыкаючыся з перашкодамі і цяжкасцямі”, не забываць пра вялікія выпрабаванні, з якімі сутыкалася кангрэгацыя на працягу стагоддзяў. “У пачатку дваццатага стагоддзя яна скарацілася да аднаго члена”, сёння ж каля пяцісот айцоў-марыянаў дзейнічаюць у 19 краінах свету, - звярнуў увагу Святы Айцец, узгадаўшы фігуру благаслаўлёнага Юргіса Матулайціса (1871-1927), аднаго з рэфарматараў ордэна.
Пантыфік заклікаў марыянаў, захоўваючы вернасць мінуламу, рухацца наперад па такім напрамкам, як адкрытасць да свецкіх, абарона жыцця ад зачацця да смерці, увага да ўразлівых і падтрымка сем'яў. Ён пажадаў ім Божай дапамогі ў дзейнасці цэнтра напратэхналогій у польскім Ліхені, а таксама ў новых місіях у Азіі і Афрыцы.
Завяршаючы сустрэчу, Святы Айцец ад душы благаславіў айцоў марыянаў і папрасіў іх маліцца аб ім.