Францішак пра спорт, як метафару жыцця
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік нагадаў, што ў Ватыкане існуюць старажытныя спартыўныя традыцыі: першы ватыканскі чэмпіянат па футболе прайшоў у 1972 годзе, але яшчэ ў далёкім 1521 годзе ў Белведэрскім панадворвку Апостальскага палацу, у прысутнасці Льва Х, адбыўся матч па фларэнтыйскім кальча. Святы Айцец заўважыў, што цяпер у Ватыкане існуе асацыяцыя, якая ўключае ў сябе не толькі футбол, але таксама іншыя спартыўныя дысцыпліны.
Францішак падкрэсліў, што здаровая спартыўная дзейнасць можа паспрыяць духоўнаму сталенню чалавека, а яго дасягненню, як і ў спорце, дапамагаюць трэніроўка, дысцыпліна і матывацыя.
Трэніроўка нагадвае пра намаганні, пот, ахвярнасць, у аснове якіх павінна знаходзіцца любоў да спорту, аматарскі падыход, - заўважыў Святы Айцец, дадаючы, што калі гэта любоў бескарыслівая, тады гаворка ідзе пра здаровую спартыўную дзейнасць, але калі пачынаюць пераважаць іншыя інтарэсы, тады яна псуецца.
Гаворачы пра важнасць дысцыпліны, Францішак нагадаў пра яе сувязь з выхаваннем і фармацыяй. Дысцыплінаваны атлет павінен не толькі прытрымлівацца правілаў, але таксама быць “вучнем”, які хоча вучыцца, які не адчувае сябе чалавекам, дасягнуўшым усяго і здольным вучыць усіх. Сапраўдны спорт патрабуе імкнення расці, здольнасці панаваць над сабой, працаваць над імпульсіўнасцю, якую ў большай ці меншай меры маем мы ўсе. “Дысцыпліна таксама дазваляе кожнаму граць сваю ролю, каб каманда разам паказала лепшае”, - дадаў Папа.
Нарэшце, разважаючы пра матывацыю, Пантыфік нагадаў словы святога Паўла: “У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў” (2Цім 4,7). Ён заўважыў, што матывацыя, унутраная сіла дае імпульс, які вядзе да добрага выніку, дзе лічыцца на канчатковы лік, а вернасць і паслядоўнасць нашаму пакліканню. “І, кажучы пра матывацыю, я хацеў бы сказаць нешта вам, ватыканскім спартсменам: ваш спосаб быць камандай і супрацоўнічаць можа быць прыкладам для працы ў Дыкастэрыях і паміж Дыкастэрыямі курыі, а таксама ў дзяржаўных упраўленнях Ватыкана. “Яшчэ раз спорт стаў метафарай жыцця”, - дадаў Святы Айцец, запэўніваючы сваіх гасцей у малітве.