Францішак: візіт у Афрыку стаў спаўненнем маёй мары

“Памолімся, каб у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і ў Паўднёвым Судане, а таксама ва ўсёй Афрыцы прарасло зерне Божага Валадарства любові, справядлівасці і міру”, - заклікаў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

8 лютага 2023 года, падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак распавёў вернікам пра сваю пілігрымку ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан. Святы Айцец наведаў гэтыя дзве краіны з 31 студзеня па 5 лютага. Пілігрымка стала яго 40-м Апостальскім падарожжам.

Папа заўважыў, што споўнілася яго мара: ён змог адведаць кангалезскі народ, “ахоўніка вялізарнай краіны”, “зялёных лёгкіх Афрыкі”, зямлі “багатай рэсурсамі і скрываўленай вайной, якая не канчаецца, бо заўсёды ёсць тыя, хто распальвае агонь”; а таксама адведаць паўднёвасуданскі народ з пілігрымкай міру, разам з Архіепіскапам Кентерберыйскім Джасцінам Уэлбі і Генеральным мадэратарам Царквы Шатландыі Іэнам Грыншылдсам. “Мы адправіліся разам, каб засведчыць, што магчыма і неабходна супрацоўнічаць, маючы адметнасці, асабліва, калі падзяляем веру ў Хрыста”, - сказаў Францішак.

Пантыфік нагадаў, што сустракаючыся з уладамі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга ў Кіншасе, ён параўнаў гэту краіну з алмазам, дзякуючы яе прыродзе, рэсурсам, а перш за ўсё народу. “Але гэты алмаз стаў прычынай спрэчак, гвалту і, як ні парадаксальна, збяднення людзей. Гэта дынаміка назіраецца таксама ў іншых афрыканскіх рэгіёнах, і з’яўляецца ў цэлым актуальнай для гэтага кантынента: каланізаванага, эксплуатаванага, разрабаванага”, - з жалем зазначыў Папа, дадаючы, што заклікаў спыніць эксплуатацыю Афрыкі і працаваць разам з годнасцю, узаемнай павагай і ў імя Хрыста, нашай надзеі.

Францішак распавёў, што ў Кіншасе сустрэўся з ахвярамі гвалту на ўсходзе краіны, у рэгіёне, які гадамі раздзіраецца вайной паміж узброенымі групоўкамі, што кіруюцца эканамічнымі і палітычнымі інтарэсамі. Ён са шкадаваннем заўважыў, што з гэтай прычыны не змог наведаць Гому. “Людзі жывуць у страху і няўпэўненасці, прынесеныя ў ахвяру незаконнага бізнесу. Я пачуў шакавальныя сведчанні некаторых ахвяр, асабліва жанчын, якія клалі зброю і іншыя прылады смерці да падножжа крыжа. Разам з імі я сказаў “не” насіллю і роспачы, і “так” прымірэнню і надзеі”, - нагадаў Папа.

Гаворачы пра сваю сустрэчу з прадстаўнікамі дабрачынных арганізацый, якія дзейнічаюць у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Святы Айцец зазначыў, што іх праца з беднымі і для бедных бясшумна дапамагае расці агульнаму дабру. Дабрачынныя ініцыятывы павінны не толькі дапамагаць, але “спрыяць развіццю людзей і грамадстваў”, - дадаў ён.

Францішак параўнаў сваю сустрэчу з кангалезскай моладдзю і катэхетамі з “пагружэннем у сучаснасць, скіраваную ў будучыню”. “Давайце падумаем пра сілу аднаўлення, якую можа прынесці новае пакаленне хрысціян, сфармаванае і натхнёнае радасцю Евангелля! Я ўказаў ім пяць шляхоў: малітву, супольнасць, сумленнасць, прабачэнне і служэнне”, - сказаў Пантыфік, выказваючы пажаданне, каб Бог пачуў іх вокліч аб міры і справядлівасці.

Апошнім пунктам візіту Папы ў Кіншасу стала сустрэча з кангалезскім духавенствам і кансэкраванымі асобамі, якіх ён заклікаў быць слугамі людзей і сведчыць аб любові Хрыста, пераадольваючы тры спакусы: духоўную пасрэднасць, свецкі камфорт і павярхоўнасць. Звяртаючы да кангалезскіх біскупаў Францішак заахвоціў іх быць прарокамі для людзей, дзякуючы моцы Божага Слова, быць знакам Яго спагады, блізкасці і пяшчоты.

Другая частка афрыканскага падарожжа Святога Айца, прайшла ў горадзе Джуба, сталіцы Паўднёвага Судана, дзяржавы, якая ўзнікла ў 2011 годзе. “Фактычна гэта была экуменічная пілігрымка міру, здзейсненая разам з кіраўнікамі дзвюх Цэркваў, якія гістарычна прысутнічалі на гэтай зямлі: Англіканскай Супольнасці і Царквы Шатландыі”, - зазначыў Пантыфік.

Папа нагадаў, што візіт у Паўднёвы Судан стаў вынікам працэсу, які распачаўся ў 2019 годзе, калі рэлігійныя лідары і паўднёвасуданскія ўлады сабраліся разам у Рыме, “каб прыняць на сябе абавязацельства пераадолець канфлікт і пабудаваць мір”. “На жаль, працэс прымірэння не прасунуўся, і нованароджаны Паўднёвы Судан стаў ахвярай старой логікі ўлады і саперніцтва, што спараджае войны, гвалт, бежанцаў і ўнутраных перамешчаных асоб”, - сказаў ён.

Пантыфік падзякаваў паўднёвасуданскім уладам за прыём і за намаганні, на нялёгкім шляху, які заключаецца ў тым, каб казаць рашучае “не” карупцыі і гандлю зброяй і “так” сустрэчы і дыялогу. Францішак лічыць ганебнымі дзеянні некаторых краін, якія называюць сябе цывілізаванымі, але працягваюць пастаўляць зброю ў Паўднёвы Судан, спрыяючы распальванню вайны.

Папа заўважыў, што экуменічны характар візіту ў Паўднёвы Судан выявіўся асаблівым чынам падчас супольнай малітвы. “У такой канфліктнай рэальнасці, як у Паўднёвым Судане, гэты знак з’яўляецца фундаментальным, і ён не відавочны, бо, на жаль, ёсць тыя, хто злоўжывае імем Бога, каб апраўдаць гвалт і злоўжыванні”, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што 2 мільёны чалавек з 11-ці мільёнаў насельніцтва Паўднёвага Судана па прычыне ўзброеных канфліктаў з’яўляюцца ўнутранымі перасяленцамі і столькі ж уцяклі ў суседнія краіны. “Цэрквы і хрысціянскія арганізацыі знаходзяцца на перадавой побач з гэтымі беднымі людзьмі, якія гадамі жывуць у лагерах для перамешчаных асоб”, - сказаў Папа, дадаючы, што, сустракаючыся з бежанцамі, ён звярнуўся да жанчын, якія з’яўляюцца той сілай, якая можа змяніць краіну. “Я заклікаў усіх стаць насеннем новага Паўднёвага Судана, без гвалту, прыміранага і супакоенага”, - дадаў Пантыфік.

Апошнім пунктам праграмы візіту ў Паўднёвы Судан стала святая Імша. Пантыфік нагадаў, што заахвоціў мясцовых католікаў быць “соллю і святлом” на гэтай неспакойнай зямлі. “Бог ускладае надзею не на вялікіх і магутных, але на малых і пакорных... Памолімся, каб у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і ў Паўднёвым Судане, а таксама ва ўсёй Афрыцы прарасло зерне Яго Валадарства любові, справядлівасці і міру”, - заклікаў Святы Айцец.
 

08 лютага 2023, 10:21

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >