Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Новы папскі дакумент уносіць яснасць у маёмасныя пытанні

23 лютага 2023 года быў абнародаваны новы motu proprio Францішка пад назвай Il diritto nativo. Ён мае на мэце ўнесці яснасць у пытанне касцёльна-грамадскага характару маёмасці, набытай установамі і арганізацыямі, звязанымі са Святым Пасадам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Маёмасць – як нерухомая, так і рухомая – Святога Пасада мае "ўніверсальнае прызначэнне", а ўстановы і арганізацыі, якія набылі ці зарэгістравалі яе, з'яўляюцца "даверанымі асобамі", а не "прыватнымі ўладальнікамі; яны дзейнічаюць і заўсёды абавязаны дзейнічаць ад імя і пад кіраўніцтвам Папы" – гаворыцца ў дакуменце, падпісаным 20 лютага 2023 года. Ён адсылае да 1254 і 1255 канонаў Кананічнага права.

"Прыроджанае, незалежнае ад грамадзянскай улады права Святога Пасада набываць мірскія даброты з'яўляецца адным з інструментаў, якія пры падтрымцы вернікаў, разумным кіраванні і адпаведным кантролі забяспечваюць Апостальскаму Пасаду магчымасць дзейнічаць у гісторыі, у часе і прасторы, у мэтах, уласцівых Касцёлу, і з незалежнасцю, неабходнай для выканання яго місіі", - гаворыцца ў папскім дакуменце.

"Універсальнае прызначэнне маёмасці Святога Пасада надае ёй касцёльна-грамадскі характар", - тлумачыцца далей у тэксце, у якім падкрэсліваецца, што: суб'екты Святога Пасада набываюць і выкарыстоўваюць матэрыяльныя даброты не для сябе, як прыватныя ўладальнікі, але ад імя і ўладай Рымскага Пантыфіка для дасягнення сваіх інстытуцыйных мэт, якія таксама з'яўляюцца грамадскімі, а значыць, знаходзяцца на службе агульнага дабра і паўсюднага Касцёла.

Арганізацыі і ўстановы, у чыім распараджэнні знаходзіцца маёмасць, павінны клапаціцца пра іх "з разважлівасцю, якой патрабуе кіраванне агульным дабром, і ў адпаведнасці з правіламі і паўнамоцтвамі, якімі надзяліў іх Святы Пасад".

Апостальскі ліст у форме motu proprio не змяняе кампетэнцыі і не стварае новых правіл; дакумент пацвярджае фундаментальны прынцып, які тычыцца грамадскага характару актываў і ролі ўстаноў Рымскай курыі і звязаных з імі арганізацый: "уся маёмасць, рухомая і нерухомая, уключаючы наяўныя грошы і каштоўныя паперы, якія былі ці будуць набыты любым чынам, курыяльнымі ўстановамі і арганізацыямі, звязанымі са Святым Пасадам, з'яўляюцца касцёльна-грамадскімі актывамі і як такія належаць, на правах уласнасці або іншых рэальных правах, Святому Пасаду ў цэлым і, такім чынам, незалежна ад грамадзянскай улады, да яго ўнітарнай, непадзельнай і суверэннай спадчыны", - гаворыцца ў першым параграфе motu proprio.

Таму "ні адна ўстанова або арганізацыя не можа прэтэндаваць на прыватную і выключную ўласнасць або права ўласнасці на маёмасць Святога Пасада, паколькі яна заўсёды дзейнічала і павінна дзейнічаць ад імя, па даручэнні і ў мэтах Святога Пасада ў цэлым, які разумеецца як адзіная маральная асоба, прадстаўляючы яго толькі там, дзе гэта патрабуецца і дазволена грамадзянскім заканадаўствам". Гэты прынцып абавязвае ўсе ўстановы Святога Пасада.

Дакумент Il diritto nativo таксама тлумачыць, што "нічога не мяняецца" і ў дачыненні да здабытку функцыянальных юрыдычных асоб, гэта значыць фондаў і арганізацый, якія адносяцца да Святога Пасада, зарэгістраваны ў спісе Статута Рады па эканамічных пытаннях і маюць штаб-кватэру ў Дзяржаве Ватыкан. У motu proprio ад 5 снежня 2022 года ўжо было растлумачана, што іх актывы таксама належаць Святому Пасаду.

Такая мера адпавядае рэформам, вызначаным Папам у апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium, якая стала вынікам доўгага шляху эканамічных і адміністрацыйных рэформ.
 

23 лютага 2023, 14:31