Пантыфік: свет патрабуе твораў, якія выклікаюць натхненне
Аляксандр Панчанка – Vatican News
20 лютага 2023 года Францішак прыняў дэлегацыю Fondazione Ente dello Spettacolo – структуры пры Канферэнцыі Біскупаў Італіі, якая займаецца падтрымкай і пашырэннем кінематаграфічнай культуры ў духу хрысціянскіх каштоўнасцей. Аўдыенцыя адбылася ў рамках 75-годдзя арганізацыі, заснаванай у 1947 годзе Піем XII.
Папа ўручыў сваім гасцям тэкст прамовы, у якой прапанаваў паразважаць пра біблійную гісторыю пра стварэнне сусвету. Пантыфік падкрэсліў, што на яе можна паглядзець як на фільм, у якім Бог выступае адначасова і акцёрам, і гледачом: спачатку Пан з любові стварае неба, зямлю, зоркі, жывыя істоты і чалавека, а потым сузірае сваё стварэнне і выносіць суджэнне, робіць “рэцэнзію”, называючы ўсё гэта добрым.
“На гэтых святых старонках, дарагія сябры, рэжысёры, акцёры, жанчыны і мужчыны, якія працуеце ў сферы кіно, мы можам знайсці таксама сэнс вашай культурнай працы. З аднаго боку – творчае дзеянне, з другога – сузіранне і ацэнка. Мне здаецца, што вы можаце ўбачыць сябе ў гэтай цудоўнай біблійнай фрэсцы, якая захапляла многіх мастакоў і не перастае натхняць і стымуляваць уяўленне і рэфлексію”, - заўважыў Францішак.
Святы Айцец падкрэсліў, што мастацтва павінна натхняць чалавека. Ён спаслаўся на фільм Андрэя Таркоўскага Андрэй Рублёў, галоўны герой якога з-за траўмы вайны згубіў дар мовы і перастаў маляваць. “Гэта таксама прымушае задумацца пра тое, што адбываецца ў свеце сёння”, - дадаў Папа. “Рублёў больш не маляваў, і нават не размаўляў. Ён блукаў разгублены ў пошуку сэнсу, пакуль не стаў сведкам адліўкі звона. І пры першым жа ўдары вялікага звона ў яго зноў адкрылася сэрца, развязаўся язык, ён зноў пачаў гаварыць і маляваць. І экран напоўніўся колерамі яго ікон. Гук звона, які нібы цудам выйшаў з зямлі і бронзы, напоўніў душу мастака натхненнем і ў пэўным сэнсе ён пачуў у ім голас Бога, які прашаптаў яму: “Адкрыйся”. Як Езус сказаў у Евангеллі: “Эффата” (Мк 7, 34)”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Дарагія сябры, свет, змучаны вайной і шматлікімі няшчасцямі, мае патрэбу ў знаках, у творах, якія выклікаюць натхненне, якія дазваляюць заззяць прыгажосці Бога, што не перастае любіць свае стварэнні і дзівіцца іх прыгажосці. У свеце, які становіцца ўсё больш штучным, дзе чалавек атачыў сябе творамі рук сваіх, ёсць вялікая рызыка страціць натхненне. Я дзялюся з вамі гэтым разважаннем і, даручаючы вам заданне абудзіць натхненне, хачу падзякаваць за тое, што вы робіце ў істотным для евангелізацыі аспекце, бо веры не бывае без натхнення”, - сказаў Папа, запэўніваючы сваіх гасцей у малітве аб дарах Святога Духа.