Аўдыенцыя для членаў Fondazione Ente dello Spettacolo Аўдыенцыя для членаў Fondazione Ente dello Spettacolo  (Vatican Media)

Пантыфік: свет патрабуе твораў, якія выклікаюць натхненне

У змучаным вайной і шматлікімі няшчасцямі свеце ёсць патрэба ў знаках і творах, якія выклікаюць натхненне і дапамагаюць заззяць прыгажосці Бога, перакананы Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

20 лютага 2023 года Францішак прыняў дэлегацыю Fondazione Ente dello Spettacolo – структуры пры Канферэнцыі Біскупаў Італіі, якая займаецца падтрымкай і пашырэннем кінематаграфічнай культуры ў духу хрысціянскіх каштоўнасцей. Аўдыенцыя адбылася ў рамках 75-годдзя арганізацыі, заснаванай у 1947 годзе Піем XII.

Папа ўручыў сваім гасцям тэкст прамовы, у якой прапанаваў паразважаць пра біблійную гісторыю пра стварэнне сусвету. Пантыфік падкрэсліў, што на яе можна паглядзець як на фільм, у якім Бог выступае адначасова і акцёрам, і гледачом: спачатку Пан з любові стварае неба, зямлю, зоркі, жывыя істоты і чалавека, а потым сузірае сваё стварэнне і выносіць суджэнне, робіць “рэцэнзію”, называючы ўсё гэта добрым.

“На гэтых святых старонках, дарагія сябры, рэжысёры, акцёры, жанчыны і мужчыны, якія працуеце ў сферы кіно, мы можам знайсці таксама сэнс вашай культурнай працы. З аднаго боку – творчае дзеянне, з другога – сузіранне і ацэнка. Мне здаецца, што вы можаце ўбачыць сябе ў гэтай цудоўнай біблійнай фрэсцы, якая захапляла многіх мастакоў і не перастае натхняць і стымуляваць уяўленне і рэфлексію”, - заўважыў Францішак.

Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Fondazione Ente dello Spettacolo
Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Fondazione Ente dello Spettacolo

Святы Айцец падкрэсліў, што мастацтва павінна натхняць чалавека. Ён спаслаўся на фільм Андрэя Таркоўскага Андрэй Рублёў, галоўны герой якога з-за траўмы вайны згубіў дар мовы і перастаў маляваць. “Гэта таксама прымушае задумацца пра тое, што адбываецца ў свеце сёння”, - дадаў Папа. “Рублёў больш не маляваў, і нават не размаўляў. Ён блукаў разгублены ў пошуку сэнсу, пакуль не стаў сведкам адліўкі звона. І пры першым жа ўдары вялікага звона ў яго зноў адкрылася сэрца, развязаўся язык, ён зноў пачаў гаварыць і маляваць. І экран напоўніўся колерамі яго ікон. Гук звона, які нібы цудам выйшаў з зямлі і бронзы, напоўніў душу мастака натхненнем і ў пэўным сэнсе ён пачуў у ім голас Бога, які прашаптаў яму: “Адкрыйся”. Як Езус сказаў у Евангеллі: “Эффата” (Мк 7, 34)”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Дарагія сябры, свет, змучаны вайной і шматлікімі няшчасцямі, мае патрэбу ў знаках, у творах, якія выклікаюць натхненне, якія дазваляюць заззяць прыгажосці Бога, што не перастае любіць свае стварэнні і дзівіцца іх прыгажосці. У свеце, які становіцца ўсё больш штучным, дзе чалавек атачыў сябе творамі рук сваіх, ёсць вялікая рызыка страціць натхненне. Я дзялюся з вамі гэтым разважаннем і, даручаючы вам заданне абудзіць натхненне, хачу падзякаваць за тое, што вы робіце ў істотным для евангелізацыі аспекце, бо веры не бывае без натхнення”, - сказаў Папа, запэўніваючы сваіх гасцей у малітве аб дарах Святога Духа.

20 лютага 2023, 10:18