Пантыфік: вярнуцца да праўды пра сябе, да Бога і братоў

Абрад пасыпання галавы попелам заахвочвае нас вярнуцца да праўды пра сябе і вярнуцца да Бога і нашых братоў і сясцёр, - адзначыў Папа падчас святой Імшы ў Папяльцовую сераду.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Вялікі пост – гэта час, каб успомніць, хто ёсць Творца, а хто – стварэнне, каб абвясціць, што толькі Бог – Пан, каб адмовіцца ад прэтэнзіі на самадастатковасць і апантанага жадання ставіць сябе ў цэнтр, быць першымі, думаць, што толькі дзякуючы нашым здольнасцям мы можам быць героямі жыцця і змяніць свет вакол нас”, - сказаў Святы Айцец падчас літургіі, якая прайшла вечарам 22 лютага 2023 года ў рымскай базыліцы святой Сабіны.

“Гэта спрыяльны час для таго, каб навярнуцца, каб змяніць свой погляд, перш за ўсё на саміх сябе, каб зразумець, колькі непатрэбнага і павярхоўнага адцягвае нас ад істотнага, як часта мы засяроджваемся на тым, чаго хочам або чаго нам не хапае, аддаляючыся ад цэнтра нашага сэрца, забываючыся на сэнс нашага быцця ў свеце. Вялікі пост – гэта час праўды, каб скінуць маскі, якія мы носім кожны дзень, жадаючы выглядаць дасканалымі ў вачах свету; каб змагацца, як казаў нам Езус у Евангеллі, супраць хлусні і крывадушнасці: не чужых, але нашых”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец зазначыў, што Вялікі пост заклікае нас вярнуцца да Бога і братоў. “Наша жыццё – гэта перш за ўсё адносіны: мы атрымалі яго ад Бога і ад нашых бацькоў, і заўсёды можам аднавіць і адрадзіць дзякуючы Пану і тым, каго Ён ставіць побач з намі. Вялікі пост з’яўляецца спрыяльным часам для таго, каб аднавіць нашы адносіны з Богам і іншымі: адкрыцца ў цішыні малітвы і выйсці з фартэцыі нашай закрыстасці, разарваць кайданы індывідуалізму і адкрыць нанова, праз сустрэчу і слуханне, тых, хто кожны дзень ідзе поруч з намі, і зноў навучыцца любіць іх, як брата ці сястру”, - сцвердзіў Пантыфік,

Францішак падкрэсліў, што на шляху вяртання да праўды пра сябе і вяртання да Бога і бліжніх, каштоўнай дапамогай з’яўляюцца міласціна, малітва і пост, якія не павінны быць толькі вонкавымі абрадамі, але жэстамі, якія выражаюць аднаўленне сэрца і выяўляюць тое, кім мы з’яўляемся на самой справе: дзецьмі Божымі і братамі і сёстрамі адзін аднаму.

“Міласціна, дабрачыннасць, будуць праявай нашага спачування да патрабуючых, дапамагаючы нам вяртацца да іншых; малітва выкажа нашае ўнутранае жаданне сустрэцца з Айцом, дапамагаючы нам вярнуцца да Яго; пост будзе духоўнай гімнастыкай, каб з радасцю адмовіцца ад лішняга і абцяжаранага, каб стаць больш унутрана свабоднымі і вярнуцца да праўды пра сябе”, - заўважыў Папа.

“Дарагія браты і сёстры, схілім галовы, прымем попел, аблегчым сэрцы. Давайце вырушым у шлях з любоўю: сорак спрыяльных дзён дадзены нам, каб нагадаць, што свет не павінен замыкацца ў вузкіх межах нашых асабістых патрэбаў, і каб нанава знайсці радасць не ў тым, што можна назапасіць, а ў клопаце аб тых, хто знаходзіцца ў патрэбе і пакутах. Давайце вырушым у шлях з малітвай: у нас ёсць сорак спрыяльных дзён, каб зноў даць Богу першынства ў нашым жыцці, каб уступіць з Ім у дыялог ад усяго сэрца, а не ў кароткія хвіліны. Давайце адправімся ў шлях з постам: у нас ёсць сорак спрыяльных дзён, каб знайсці сябе, каб спыніць дыктатуру вечна поўных спісаў спраў, якія трэба зрабіць, патрабаванняў усё больш павярхоўнага і гнятлівага “я” і выбраць тое, што мае значэнне”, - заклікаў Святы Айцец.
 

22 лютага 2023, 18:00