Пошук

Папа: Езус заклікае да асаблівай любові і дапамагае жыць ёй

Бескарыслівая любоў павольна пераўтварае канфлікты, скарачае адлегласці, перамагае варожасць і загойвае раны нянавісці, - нагадаў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якая 19 лютага 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак патлумачыў літургічны евангельскі ўрывак, у якім Езус заклікаў сваіх вучняў падстаўляць другую шчаку і любіць ворагаў. “Любіць тых, хто любіць нас і сябраваць з тымі, хто сябруе з намі – гэта нармальна, але Езус правакуе нас, кажучы: калі паступаеце так, што асаблівага робіце?”, - нагадаў Святы Айцец, прапануючы паразважаць над гэтым пытаннем Хрыста.

“Асаблівае” – гэта тое, што “выходзіць за межы звычайнага, што пераўзыходзіць рамкі прывычных мадэляў паводзінаў і звычайнага разліку, прадыктаванага разважлівасцю”. Звычайна “мы аддаем перавагу таму, каб любіць тых, хто любіць нас, рабіць дабро толькі тым, хто добры да нас, быць шчодрымі толькі з тымі, хто можа аказаць нам нейкую паслугу; а тым, хто ставіцца да нас кепска – адплачваем той жа манетай”, - зазначыў Пантыфік.

“Калі б Бог прытрымліваўся такой логікі, у нас не было б надзеі на збаўленне! Але, на наша шчасце, Божая любоў заўсёды “асаблівая”, гэта значыць выходзіць за межы звычайных крытэрыяў, якімі мы, людзі, карыстаемся ў нашых адносінах”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што словы Езуса кідаюць нам выклік: у той час як мы спрабуем кіравацца звычайнай утылітарысцкай логікай, Ён заклікае адкрыцца на надзвычайнасць бескарыслівай любові; у той час, як мы заўсёды намагаемся зводзіць рахункі, Хрыстус заахвочвае нас жыць “нераўнавагай любові”.

Пантыфік нагадаў, што калі б Бог адносіўся да нас згодна з нашымі ўчынкамі, мы б не атрымалі збаўленне. “Езус не прыйшоў бы шукаць нас, пакуль мы былі згубленыя і далёкія, Ён не палюбіў бы нас да канца, не прыняў бы крыж за нас, нявартых усяго гэтага і няздольных нічога даць Яму ўзамен. Як піша апостал Павел, “наўрад ці нехта памрэ за справядлівага. Можа, за добрага чалавека нехта і адважыцца памерці. Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі” (Рым 5, 7-8). Вось: Бог любіць нас у той час, калі мы з’яўляемся грэшнікамі, не таму што мы добрыя або можам адплаціць Яму нечым. Божая любоў – гэта любоў, якая заўсёды шчодрая, заўсёды пераўзыходзіць разлікі, заўсёды непрапарцыянальная. Сёння Ён просіць і нас жыць такім чынам, бо толькі так мы зможам па-сапраўднаму сведчыць пра Яго”, - сказаў Святы Айцец.

“Браты і сёстры, Пан прапануе нам адмовіцца ад логікі ўласнай зацікаўленасці і не вымяраць любоў шкалой разлікаў і выгод. Ён запрашае нас не адказваць злом на зло, адважвацца рабіць дабро, рызыкаваць дорачы, нават калі ўзамен мы атрымліваем мала або нічога. Таму што менавіта гэтая любоў павольна пераўтварае канфлікты, скарачае адлегласці, перамагае варожасць і загойвае раны нянавісці. Такім чынам, мы можам спытаць сябе: у сваім жыцці я прытрымліваюся логікі ўласнай зацікаўленасці ці логікі бескарыслівасці? Асаблівая любоў Хрыста нялёгкая, але магчымая, бо Ён сам дапамагае нам, даючы нам свайго Духа, сваю бязмерную любоў”, - сцвердзіў Пантыфік, запрашаючы памаліцца да Багародзіцы, якая адказаўшы Богу згодай без разлікаў, дазволіла Яму зрабіць з сябе шэдэўр Яго ласкі.
 

19 лютага 2023, 13:00

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >