Пантыфік кангалезцам: учыніце вялікую амністыю сэрца
Аляксандр Панчанка – Vatican News
1 лютага 2023 года Францішак узначаліў святую Імшу на тэрыторыі аэрапорта Ндола ў Кіншасе, распачынаючы такім чынам другі дзень свайго Апостальскага падарожжа ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга. Звяртаючыся ў гаміліі да больш чым мільёна вернікаў, якія бралі ўдзел у літургіі, Папа заўважыў, што для вучняў Езуса прычынай вялікай радасці стала магчымасць убачыць Пана, які аб’явіўся ім пасля ўваскрасення і прывітаў словамі: “Спакой вам” (Ян 20,19).
Хрыстовы спакой “прыйшоў да вучняў у самы нечаканы і безнадзейны момант: калі здавалася, што ўсё страчана і няма нават пробліску спакою”. “Так робіць Пан: здзіўляе нас, працягвае руку, калі мы тонем, уздымае, калі дакранаемся дна”, - сцвердзіў Францішак.
Папа нагадаў, што з Езусам зло не перамагае ніколі і не мае апошняга слова. Таму тыя, хто належыць Хрысту не павінны паддавацца смутку, не павінны дазволіць, каб імі авалодалі роспач і фаталізм. У свеце, які трапіў у роспач па прычыне насілля і вайны, хрысціяне павінны рабіць як Езус, які настойліва паўтараў вучням: “Спакой вам”, - дадаў Пантыфік.
Францішак зазначыў, што Езус указвае нам тры крыніцы захавання і ўмацавання спакою. Першая з іх – прабачэнне, бо перад тым, як даць сваім вучняў уладу прабачаць грахі Езус сам прабачыў іх, паказаўшы ім раны сваёй любові і адкрыўшы ім крыніцу міласэрнасці.
Святы Айцец запэўніў кангалезцаў у тым, што Хрыстус ведае іх раны, якія “пастаянна баляць, заражаныя нянавісцю і насіллем”. “Браце, сястра, Езус пакутуе разам з табой. Ён бачыць раны, якія носіш у сабе, і жадае суцішыць і аздаравіць цябе”, - сказаў Пантыфік, запэўніваючы, што “Езус хоча намасціць нас сваім прабачэннем, даць нам спакой і мужнасць, каб мы прабачалі іншых, хоча напоўніць нас адвагай, каб мы здзейснілі вялікую амністыю сэрца”.
Францішак заклікаў ачысціць сэрцы ад гневу, згрызотаў і нянавісці, а асаблівым чынам звярнуўся да тых, хто чыніць гвалт, называючы сябе хрысціянамі. “Пан кажа вам: “Складзіце зброю, прыміце міласэрнасць”, - сказаў ён. Звяртаючыся да параненых і прыгнечаных у ходзе шматгадовых канфліктаў, Папа заклікаў іх раздзяліць свае раны з Езусам, адкрыцца на Яго спакой і быць носьбітамі Яго паслання міру, напісаўшы словы “Спакой вам” на дзвярах сваіх кватэр, на сценах дамоў і адзенні.
Другой крыніцай спакою Святы Айцец назваў супольнасць, нагадваючы, што “хрысціянства немагчыма без супольнасці, як і спакой без братэрства”. Папа заклікаў быць пільнымі, каб не трапіць у пастку індывідуалізму, прагі ўлады і грошай, падзелаў, кар’ерызму і падманлівых ілюзій. Францішак падкрэсліў, што найлепшае супрацьяддзе ад падзелаў і адасаблення – гэта дзяленне з беднымі, а сапраўднае багацце хрысціяніна – гэта братэрства. “Давайце паверым у супольнасць і з Божай дапамогай будзем будаваць Касцёл, свабодны ад мірскога духа, напоўнены Святым Духам, вольны ад багацця для саміх сябе і поўны братэрскай любові”, - заклікаў Пантыфік.
Трэцяя крыніца спакою, на якую ўказаў Папа – місія. Ён нагадаў, што хрысціяне пакліканы быць “місіянерамі спакою” і супрацоўнічаць з усімі, каб разарваць заганнае кола насілля і нянавісці. Вучні Хрыста пакліканы быць “сумленнем спакою ў гэтым свеце”, сведкамі любові, братэрства і прабачэння, “місіянерамі безагляднай любові Бога да кожнага чалавека”, - падкрэсліў Святы Айцец
“Спакой вам!” – кажа сёння Езус сёння кожнай сям’і, супольнасці, этнічнай групе, раёну і гораду ў гэтай вялікай краіне. “Спакой вам!” – няхай гэтыя словы нашага Пана гучаць у цішыні нашых сэрцаў. Давайце пачуем іх, бо яны скіраваны да нас, і станем сведкамі прабачэння, абаронцамі ў супольнасці, людзьмі ў місіі супакою ў свеце”, - заклікаў, завяршаючы гамілію Святы Айцец.