Папа пацвердзіў нормы адносна цэлебрацыі старажытнай літургіі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік адназначна пацвердзіў, што выкарыстанне парафіяльных касцёлаў і магчымасць заснавання персанальных парафій для груп, якія цэлебруюць літургію згодна з імшалам 1962 года, абнародаваным святым Янам ХХІІІ перад Другім Ватыканскім Саборам; а таксама выкарыстанне гэтага імшала святарамі, якія атрымалі пасвячэнне пасля 16 ліпеня 2021 года, пасля публікацыі motu proprio, можа быць дазволена біскупам толькі пасля атрымання дазволу з боку Святога Пасада.
Біскуп, перш чым прыняць рашэнне адносна гэтых двух выпадкаў, павінен папрасіць дазвол у Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, якая, паводле motu proprio, рэалізуе ўладу Святога Пасада ў гэтай сферы. Такім чынам, у залежнасці ад абставін, магчымае зялёнае святло дыяцэзіяльнаму ардынарыю дае менавіта Дыкастэрыя.
Рэскрыпт Папы сцвярджае: “Калі дыяцэзіяльны біскуп удзяліў дазвол у двух згаданых вышэй выпадках, ён абавязаны паінфармаваць пра гэта Дыкастэрыю Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, якая будзе разглядаць кожны асобны выпадак”.
Калі біскуп без згоды Святога Пасада ўдзяліў дазвол на выкарыстанне парафіяльных касцёлаў, заснаванне персанальных парафій і выкарыстанне старога імшала святарам, пасвячаным пасля ліпеня 2021 года, ён абавязаны зрабіць крок, які не быў зроблены раней: звярнуцца ў Дыкастэрыю і чакаць яе адказу.
Новым рэскрыптам, які быў апублікаваны пасля аўдыенцыі для кардынала Артура Рошэ, прэфекта Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, якая прайшла 20 лютага 2023 года, Папа таксама пацвердзіў тое, што было ўстаноўлена ў адказе на сумневы (dubia), якія з’явіліся пасля публікацыі Traditionis custodes.
Traditionis custodes – апостальскі ліст Францішка, апублікаваны ў форме motu proprio 16 ліпеня 2021 года аб выкарыстанні рымскай літургіі да рэформы 1970 года. Ён здымае некаторыя саступкі на карысць выкарыстання Рымскага імшала 1962 года, дадзеныя Бэнэдыктам XVI у апостальскім лісце Summorum Pontificum ад 7 ліпеня 2007 года. Motu proprio Францішка суправаджаецца лістом да біскупаў усяго свету з тлумачэннем прычын, якія прывялі да прыняцця рашэння аб яго публікацыі.