Папа прадпрымальнікам: духоўны капітал – самы каштоўны
Аляксандр Панчанка – Vatican News
17 лютага 2023 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі групу мексіканскіх бізнесменаў. Ён падкрэсліў, што Ватыкан – гэта дом для ўсіх католікаў, месца, дзе дзеці Касцёла могуць сустракацца і праслаўляць Бога ў сям’і. У той жа час Францішак з жалем заўважыў, што войны прыносяць разбурэнне ўсім, выклікаючы пакуты і галечу: у свеце губляецца адчуванне быцця сям’ёй, павага і талерантнасць адзін да аднаго.
“Мы забываемся, што ў сям’і справы вырашаюцца з цярплівасцю, любоўю, праз дыялог”, дзяленне меркаваннямі і ўзаемную дапамогу, - падкрэсліў Святы Айцец, дадаючы, што “культура нашага часу была прасякнута індывідуалізмам і замкнёнасцю” і мы губляем з-пад увагі тых, хто пакутуе ці адрынуты.
Францішак падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі прадпрымальнік-католік, каб быць знакам прысутнасці Бога ў свеце эканомікі і працы, павінен клапаціцца пра свае адносіны з Панам. “Самы каштоўны капітал, які можам мець, гэта капітал духоўны. Калі Пан дакранаецца да нашых сэрцаў, наш позірк пашыраецца і становімся здольнымі бачыць колькі людзей знаходзяцца ў патрэбе і клапаціцца пра стварэнне”, - сказаў Папа, дадаючы, што гэта дазваляе ставіць на першае месца агульнае дабро, дбаць пра інтарэсы ўсіх, а не кіравацца логікай поспеху, панавання і грошай.
“Кожны з нас пакліканы ўнесці свой уклад у тое, каб грамадства мела ўсё больш і больш будаўнікоў міру і культуры сустрэчы; і каб у Касцёле станавілася больш будаўнікоў супольнасці, у якой усе без выключэння адчуваюць сябе прынятымі і любімымі Панам”, - сцвердзіў Пантыфік.
Папа нагадаў, што клопату пра адносіны з Богам дапамагаюць святары, у сувязі з чым ён падзякаваў мексіканскім прадпрымальнікам за дапамогу мясцоваму Касцёлу. “Гэта права вернікаў – мець добра падрыхтаваных пастыраў, якія з радасцю сілкуюць супольнасць хлебам Божага слова і Эўхарыстыі; а таксама даюць сведчанне жыцця, прысвечанага іншым. Я заклікаю вас маліцца за іх, дзякуючы Богу за харызматы, якімі яны ўзбагачаюць усю касцёльную сям’ю, і заступаючыся за іх у іх штодзённых цяжкасцях і барацьбе. Заклікаю вас таксама быць блізкімі да святароў і дапамагаць ім, каб маглі скіраваць свае сілы і крэатыўнасць на душпастырскую дзейнасць”, - сказаў Францішак, даручаючы сваіх гасцей апецы Маці Божай Гвадэлупскай.