Францішак выказаў падтрымку народам Турцыі і Сірыі
Панчанка Аляксандр – Vatican News
У тэлеграме за подпісам Дзяржсакратара Яго Святасці кардынала П’етра Параліна, адрасаванай Апостальскаму нунцыю ў Турцыі, арцыбіскупу Марэку Сальчынскаму, гаворыцца, што Папа глыбока смуткуе з-за гібелі вялікай колькасці людзей. Святы Айцец запэўніў у блізкасці ўсіх пацярпелых і даверыў загінулых міласэрнасці Усявышняга, спачуваючы тым, хто аплаквае гібель сваіх блізкіх. Францішак пажадаў выратавальнікам “боскіх дароў моцы духа і вытрываласці ў клопаце пра параненых і ратавальных працах”.
Францішак выказаў падобныя пачуцці і ў пасланні да Апостальскага нунцыя ў Сірыі, кардынала Марыё Дзенары. У тэлеграме, таксама падпісанай кардыналам Паралінам, гаворыцца, што Папа “ўзносіць шчырыя малітвы за душы памерлых і за ўсіх, хто іх аплаквае, давяраючы загінулых ад гэтай катастрофы Провіду Усемагутнага Бога”. Пантыфік запэўніў у малітве за тых, хто падтрымлівае насельніцтва ў гэтай надзвычайнай сітуацыі, молячыся аб Божым благаслаўленні сіл і міру для ўсяго сірыйскага народа, які пакутуе ўжо на працягу доўгага часу.
Канферэнцыя Біскупаў Італіі вырашыла накіраваць у якасці першапачатковага ўкладу ў дапамогу гэтым двум народам 500 тысяч еўра, узятых са сродкаў, якія жыхары Італіі добраахвотна ахвяравалі на карысць Каталіцкага Касцёла.