Папа запрасіў у цырк бяздомных і бежанцаў
Марыя Валодзіна – Vatican News
Як адзначаецца ў паведамленні прэфекта Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, кардынала Конрада Краеўскага, сярод запрошаных – бежанцы, беспрацоўныя, бяздомныя, падапечныя сясцёр міласэрнасці маці Тэрэзы, а таксама асобы, якія адбываюць пакаранне за кратамі, але ў гэты дзень атрымаюць асобны дазвол наведаць цырк. Гледачы змогуць пабачыць спектакль італьянскага цыркавога калектыва Роні Ролер (Rony Roller), які разгарнуў свой шацёр каля сабора святой Сафіі ў Рыме.
“Даць гэтым людзям магчымасць наведаць спектакль – гэта спосаб падараваць некалькі гадзін спакою тым, хто сутыкаецца з цяжкасцямі і мае патрэбу ў дапамозе, каб ажывіць у іх надзею”, - патлумачыў кардынал Краеўскі. – “Як казаў Папа падчас сустрэчы з артыстамі, цырк далучае нас да прыгажосці, якая заўсёды падымае настрой і дазваляе пераадольваць цяжкасці, гэта спосаб наблізіцца да Бога”.
Цыркавое шоў нагадвае таксама пра тое, што за гэтым мастацтвам і за гэтай прыгажосцю стаяць незлічоныя гадзіны трэніровак і ахвяравання дзеля дасягнення мэты: “Цыркавыя артысты з'яўляюцца пацвярджэннем таго, што ўпартасць можа зрабіць немагчымае магчымым”, - гаворыцца ў паведамленні кардынала Краеўскага.