Святы Айцец: сапраўдная любоў не стварае адкідаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што інваліднасць асаблівым чынам уплывае на жыццё ў хатнім асяроддзі, у сям’і. Тыя, у каго ёсць брат ці сястра з абмежаванымі магчымасцямі, на думку Францішка, становяцца падобнымі да Сымона Кірэнэйца, якога прымусілі несці крыж Езуса на працягу доўгага шляху да Кальварыі. Здаровыя браты і сёстры таксама становяцца “кірэнэйцамі”, які дапамагаюць несці крыж інваліднасці блізкаму чалавеку, “у якім схаваны Езус”.
Святы Айцец нагадаў, што Пан ахвотна падзяляе нашы праблемы і “любіць нас такімі, якія мы ёсць, з нашымі талентамі, слабасцямі і інваліднасцю”. “Гэта і ёсць любоў: жаданне, каб іншы быў такім, якім ён ёсць на самой справе, а не такім, якім павінен быць паводле нашых занадта ўдакладненых стандартаў. Сапраўдная любоў не стварае адкідаў”, - сцвердзіў Пантыфік.
Францішак адзначыў, што інваліднасць у сям’і – гэта цяжкая, драматычная сітуацыя для блізкіх людзей. Менавіта таму яна павінна быць у цэнтры ўвагі навуковых сустрэч з удзелам спецыялістаў у розных сферах, уключаючы сведчанні братоў і сясцёр людзей з абмежаванымі магчымасцямі, - напісаў Папа, выказваючы надзею на тое, што рымская канферэнцыя стане зернем, якое прынясе шмат плёнаў.