Святы Айцец: у абліччах хворых на нас глядзіць Езус
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік нагадаў, што тэмай сёлетняга Сусветнага дня хворага, які будзе адзначацца 11 лютага, сталі словы з Евангелля святога Лукі: Паклапаціся пра яго (10,35), якія Добры самаранін сказаў гаспадару заезду, давяраючы яму параненага чалавека, якому дапамог сам. Пантыфік заўважыў, што паранены былі як гэты чалавек, так і самаранін: першы “меў раны ад гвалту тых, хто абраваў яго”, а другі – “ад пагардлівых позіркаў тых, хто бачыў у ім толькі непажаданага чужынца”.
“Тым не менш, дзякуючы чуласці таго, хто пакутуе за тых, хто пакутуе, з іх сустрэчы нараджаецца гісторыя салідарнасці і надзеі, якая разбурае муры ізаляцыі і страху”, - заўважыў Святы Айцец падчас аўдыенцыі, якая прайшла 9 лютага 2023 года ў Ватыкане.
“Ваша праца, дарагія сябры, нарадзілася дзякуючы гэтай дынаміцы: з таго, што вы змаглі пераўтварыць досвед пакут у блізкасць да болю іншых, пераадолець спакусу закрытасці, уздымаючы галаву, схіляючы калені і працягваючы рукі”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што на гэтым шляху важна быць побач з тымі, хто пакутуе; даваць голас непачутым цярпенням і станавіцца натхняльнай закваскай міласэрнай любові.
Неабходна станавіцца блізкімі да хворых, слухаючы іх з любоўю і адкрытасцю; даваць голас тым, хто застаўся самотным у хваробе, пазбаўленым эканамічнай і маральнай падтрымкі, хто схільны да роспачы і згубы веры. “Давайце кінем выклік нашым гарадам, часам пустынным на чалавечнасць і глухім на спачуванне. Прымем крык тых, хто пакутуе, і зробім так, каб ён быў пачутым”, - заклікаў Пантыфік, адзначаючы таксама важнасць стварэння вакол сябе сеткі салідарнасці.
“Давайце не будзем забываць, што прыклад тых, хто бярэ на сябе ініцыятыву, таксама дапамагае іншым знайсці ў сабе адвагу, каб прыняць у ёй удзел, пра што сведчыць ваша прысутнасць тут: хворыя, медыцынскія работнікі і прадстаўнікі свету спорту, аб’яднаныя ў агульным імкненні да дабра людзей”, - сцвердзіў Францішак, дадаючы, што ствараць сетку – значыць працаваць як члены аднаго цела. “Пакуты аднаго такім чынам становяцца пакутамі ўсіх, і ўклад кожнага прымаецца ўсімі як благаслаўленне”, - сказаў Святы Айцец.
“Дарагія сябры, быць побач з тымі, хто пакутуе, нялёгка, вы гэта добра ведаеце. Таму я кажу вам: не падайце духам! А калі сутыкнецеся з перашкодамі ці непаразуменнем, паглядзіце ў вочы церпячаму брату ці сястры і памятайце словы Добрага самараніна: “Паклапаціся пра яго”. У гэтым абліччы на цябе глядзіць сам Езус, Які хацеў падзяліць нашу слабасць аж да смерці за нас і Які, уваскросшы, ніколі не пакідае нас! Менавіта ў Ім мы знаходзім сілы не здавацца нават у самыя цяжкія хвіліны”, - нагадаў Францішак.