Анёл Панскі: не заставацца ў закрытай прасторы сваіх пакут
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа спаслаўся на евангельскі ўрывак, прызначаны на V Нядзелю Вялікага посту (Ян 11, 1-45), дзе паказана сцэна ўваскрашэння Лазара.
Ён адзначыў, што пасланне гэтага тэксту ў тым, што Збаўца дае жыццё нават тады, калі здаецца, што надзеі не засталося. “Часам здараецца адчуваць сябе безнадзейным або сустракаць людзей, якія страцілі надзею: з прычыны балючай страты, хваробы, горкага расчаравання, крыўды ці здрады, сур'ёзнай памылкі. Часам мы чуем: "Больш нічога нельга зрабіць!". Гэта моманты, калі жыццё здаецца закрытай магілай: усё змрочна, вакол толькі смутак і адчай”, - заўважыў Пантыфік.
“Езус кажа нам сёння, што гэта не так, што ў такія моманты мы не самотныя, наадварот, менавіта тады Ён становіцца бліжэй, каб даць нам жыццё нанова”, - падкрэсліў Францішак. Ён дадаў, што Хрыстус хоча, каб мы не заставаліся вязнямі пакут, каб у нас не памерла надзея.
“Езус кажа нам: адсуньце камень: боль, памылкі, нават няўдачы, не хавайце іх у сабе, у цёмнай і самотнай закрытай прасторы. Адсуньце камень: выцягніце ўсё, што ўнутры, кіньце ў мяне з даверам, без страху, таму што Я з вамі, люблю вас і хачу, каб вы зноў жылі. І, як Лазар, паўтарае кожнаму з нас: выйдзі! Устань, аднаві сваё падарожжа, аднаві ўпэўненасць! Я вазьму цябе за руку, як у дзяцінстве, калі ты вучыўся рабіць першыя крокі. Знімі павязкі, якія звязваюць цябе, не паддавайся песімізму, які прыгнятае, боязі, якая ізалюе, маркоце з прычыны дрэннага досведу, страху, які паралізуе. Хачу, каб ты быў свабодным і жывым, я не кіну цябе, я з табой! Не дазваляй болю трымаць цябе ў палоне, не дазваляй надзеі памерці – вярніся да жыцця!”, - пракаментаваў евангельскі фрагмент Папа.
Святы Айцец заахвоціў вернікаў уважліва перачытаць ўрывак з 11 раздзела Евангелля святога Яна ў той час, калі набліжаецца Вялікдзень, каб выйсці насустрач Езусу. “Ці можам мы адкрыць Яму свае сэрцы і даверыць Яму свае клопаты?” - спытаў ён.
Папа заклікаў сабраных на плошчы святога Пятра сведчыць аб надзеі і радасці Езуса перад іншымі. “Няхай Марыя, Маці надзеі, адновіць у нас радасць ад таго, што мы не адчуваем сябе адзінокімі, і заклік несці святло ў цемру, якая нас акружае”, - сказаў Францішак перад тым, як памаліцца Анёл Панскі і ўдзяліць апостальскае благаслаўленне.