Пошук

Анёл Панскі: бачыць у пакутах людзей магчымасці рабіць дабро

Быць удзячнымі за дары Божыя і бачыць нават у самых цяжкіх жыццёвых абставінах магчымасці для таго, каб рабіць дабро, - заклікаў Францішак 19 сакавіка 2023 года ў разважанні перад малітвай Анёл Панскі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сённяшнім евангельскім урыўку перад намі паўстае Езус, які вяртае зрок сляпому ад нараджэння (Ян 9, 1-41), аднак “гэты цуд дрэнна ўспрымаецца рознымі людзьмі”, - нагадаў Францішак, прапануючы глыбей паразважаць над гэтым эпізодам.

Вучні Хрыста шукаюць вінаватага, пытаюцца, ці вінаватыя бацькі альбо ён сам у тым, што нарадзіўся сляпым. “Зручна шукаць вінаватага замест таго, каб задаваць самім сабе больш складаныя пытанні, такія як, напрыклад, што значыць для нас прысутнасць гэтага чалавека? Чаго яна патрабуе ад нас?” – заўважыў Святы Айцец.

Папа дадаў, што пасля вяртання зроку “рэакцыя людзей яшчэ больш узмацняецца”. Суседзі ставяцца скептычна, бо заўсёды ведалі гэтага чалавека як сляпога. “Для іх гэта непрымальна, лепш было б пакінуць усё як было раней”, - адзначыў Папа. Яны не выказваюць свайго меркавання, бо баяцца рэлігійных уладаў. Сэрцы ўсіх гэтых людзей зачыненыя для Езуса па розных прычынах: “адны шукаюць вінаватага, іншыя не ўмеюць здзіўляцца, трэція не жадаюць перамен, апошніх апанаваў страх”, - падагульніў Францішак.

На думку Папы, адзіны, хто адрэагаваў добра, сам сляпы. Шчаслівы, ён сведчыць пра тое, што з ім адбылося простымі словамі: “Я быў сляпы, а цяпер бачу” (Ян 9, 25). Раней ён быў вымушаны жабраваць і пакутаваць ад забабонаў людзей, якія лічылі, што ён павінен расплачвацца за свае грахі ці грахі сваіх продкаў. “Цяпер ён вольны целам і душой, і сведчыць аб Езусе, нічога не выдумляючы і не хаваючы. Ён не баіцца таго, што скажуць іншыя. У сваім жыцці ён ужо спазнаў горкі густ маргіналізацыі, адчуў на сабе абыякавасць і пагарду мінакоў, якія лічылі яго адкідам грамадства, у лепшым выпадку прыдатным толькі для піетызму, для міласціны. Цяпер ён здаровы і больш не баіцца гэтага грэблівага стаўлення, таму што Езус надзяліў яго поўнай годнасцю: у шабат перад натоўпам даў яму зрок, не просячы ўзамен нічога, нават удзячнага слова”, - зазначыў Пантыфік.

На думку Францішка, урывак запрашае нас задумацца над такімі пытаннямі: Якая наша пазіцыя, што сказалі б мы тады і сёння? Ці ўмеем мы бачыць дабро, як той сляпы, і быць удзячнымі за дары, якія атрымліваем? Ці сведчым і мы пра Езуса, альбо распаўсюджваем крытыку і падазрэнні? Ці вольныя мы ад забабонаў, альбо адносімся да тых, хто распаўсюджвае негатыў і плёткі? Ці з радасцю кажам пра тое, што Езус любіць і ратуе нас, альбо, як бацькі сляпога, дазваляем сабе жыць у клетцы страху чужога меркавання? І нарэшце, як мы ўспрымаем цяжкасці і абмежаванні іншых людзей? Як праклён ці як нагоду наблізіцца да іх з любоўю? - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец папрасіў аб ласцы здзіўлення дарам Божым і бачання ў розных, нават самых цяжкіх, жыццёвых абставінах магчымасцяў для таго, каб рабіць дабро. “Няхай Маці Божая і святы Юзаф, справядлівы і верны чалавек, дапамогуць нам у гэтым”, - заклікаў Папа.

19 сакавіка 2023, 12:13

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >