Пантыфік: евангелізацыйны запал нараджаецца са святасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак прысвяціў катэхезу “вялікай хартыі” евангелізацыі, якой ён назваў Апостальскую адгартацыю Паўла VI Evangelii nuntiandi. Ён падкрэсліў, што евангелізацыя – гэта нешта большае за простую перадачу навучання і маралі: у першую чаргу яна з’яўляецца сведчаннем асабістай сустрэчы з Езусам Хрыстом, Уцелаўлёным Словам, у якім споўнілася збаўленне.
“Сведчанне неад’емнае, таму што, у першую чаргу, свет мае патрэбу ў “евангелізатарах, якія будуць казаць яму пра Бога, якога яны самі ведаюць і які блізкі да іх”; а таксама таму, што “сучасны чалавек больш ахвотна слухае сведкаў, чым настаўнікаў”, - сказаў Папа, дадаючы, што сведчанне Хрыста, гэта “адначасова і першы сродак евангелізацыі, і найважнейшая ўмова яе паспяховасці”.
“Варта памятаць, што сведчанне таксама ўключае ў сябе веру, якая вызнаецца, гэта значыць перакананую і яўную вернасць Богу Айцу, Сыну і Духу Святому, які стварыў і адкупіў нас з любові”, - сцвердзіў Францішак. Гэта “вера, якая перамяняе нас, якая змяняе нашы адносіны, крытэрыі і каштоўнасці, што вызначаюць нашы рашэнні. Такім чынам, сведка не можа ігнараваць сувязь паміж тым, у што верыць, і тым, што абвяшчае”, - дадаў ён.
Пантыфік перакананы, што кожны з нас павінен адказаць для сябе на тры важныя пытанні, сфармуляваныя Паўлам VI: “Ці верыш у тое, што абвяшчаеш? Ці жывеш тым, што абвяшчаеш? Ці абвяшчаеш тое, чым жывеш?”. “Мы не можам задавольвацца простымі, падрыхтаванымі адказамі”, - сказаў ён, заклікаючы “прыняць таксама рызыку пошуку”, цалкам давяраючы Святому Духу.
Папа зазначыў, што сведчанне па-сапраўднаму хрысціянскага жыцця ўключае ў сябе шлях святасці, што грунтуецца на хросце. Ён нагадаў, што святасць “тычыцца не толькі выбраных, але з’яўляецца Божым дарам, які мы пакліканы прыняць і зрабіць плённым у нашым жыцці і жыцці бліжніх”. “Выбраныя і ўмілаваныя Богам, мы пакліканы несці гэту любоў іншым”, - сцвердзіў Пантыфік, нагадваючы словы Паўла VI пра тое, што “евангелізацыйны запал нараджаецца са святасці”.
“Умацаваная малітвай і асабліва любоўю да Эўхарыстыі, евангелізацыя ў сваю чаргу дапамагае ўзрастаць у святасці людзям, якія яе здзяйсняюць. У той жа час, без святасці слова евангелізатара “з цяжкасцю пракладзе шлях да сэрца чалавека нашага часу, рызыкуючы застацца марным і бясплённым”, - сказаў Святы Айцец.
Францішак нагадаў, што “адрасаты евангелізацыі – гэта не толькі іншыя”, але таксама і мы самі, якія верым у Хрыста і з’яўляемся актыўнымі членамі Божага народа. “Мы павінны штодзённа навяртацца, прымаць Божае слова і змяняць жыццё”, - падкрэсліў ён, дадаючы, што Касцёл павінен “пачынаць з евангелізацыі самаго сябе”, а калі не робіць гэтага, становіцца падобным на музейны экспанат.
Пантыфік сцвердзіў, што Касцёл, які евангелізуе сябе, каб евангелізаваць, пакліканы ісці патрабавальным шляхам пастаяннага навяртання і абнаўлення, быць здольным змяняць свае спосабы разумення і перажывання ўласнай евангелізацыйнай прысутнасці ў гісторыі, пазбягаючы пошуку прытулку ў логіцы “заўсёды рабілася так”, баючыся нешта змяняць у сваёй дзейнасці.
Францішак падкрэсліў, што гаворка ідзе пра Касцёл, “цалкам звернуты да Бога”, які прымае ўдзел у Яго задуме збаўлення чалавецтва, а таксама “цалкам звернуты да чалавецтва”. Гэта Касцёл, які “сустракаецца з сучасным светам у дыялогу, які пляце братэрскія адносіны, стварае прастору для сустрэч, ужываючы добрыя практыкі гасціннасці, прыёму, прызнання і інтэграцыі іншага і іншасці, і які клапоціцца пра супольны дом, якім з’яўляецца стварэнне”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў нанова перачытаць адгартацыю Evangelii nuntiandi.