Францішак падарыў статую святога Юзафа сваёй роднай парафіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У базыліцы святога Юзафа, размешчанай у раёне Флорэс у сталіцы краіны Буэнас-Айрэсе, Хорхэ Бэрголіа прыняў Першую Камунію і канфірмацыю, адкрыў пакліканне да святарства і пазней цэлебраваў сваю першую Імшу. Аргенцінскія СМІ апублікавалі фота працэсіі, якая нясе паўтараметровую статую біблейскага цесляра.
Францішак неаднаразова заяўляў пра сваю асаблівую адданасць Апекуну Хрыста і нават прысвяціў яму 2021 год. Вядома, што ў пакоях Папы ёсць статуя спячага святога Юзафа. Аналагічная выява стала падарункам для аргенцінскай парафіі. Пантыфік прызнаваўся: калі ў яго ўзнікаюць праблемы і цяжкасці любога роду, ён запісвае просьбу на маленькім лістку паперы і пакідае яго пад статуяй святога.
Парафія апублікавала ў Фейсбуку фатаграфію скульптуры, пакрытай незлічонымі карткамі з малітвамі, напісанымі вернікамі.