Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак памятае ў малітве пра Украіну і Малаві

Падчас сустрэчы з вернікамі на агульнай аўдыенцыі, якая 15 сакавіка 2023 года прайшла ў Ватыкане, Папа звярнуў увагу на сітуацыю ва Украіне і запэўніў у малітве за ахвяр трапічнага цыклону ў Малаві.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец спаслаўся на сітуацыю праваслаўных манаскіх асоб у Кіеўскай лаўры і заклікаў ваюючыя бакі з павагай адносіцца да рэлігійных асяродкаў. Людзі, “якія прысвяцілі сваё жыццё малітве, да якой бы канфесіі яны не прыналежалі, падтрымліваюць Божы народ”, - сказаў ён.

Пантыфік заклікаў вернікаў “шчыра ісці шляхам Вялікага посту” пад нястомнай апекай Багародзіцы. “Ёй, Суцяшальніцы засмучаных і Каралеве супакою, даверым таксама шматпакутны народ Украіны”, - дадаў Папа.

Францішак скіраваў свае думкі таксама да насельніцтва Малаві, на якое ў гэтыя дні абрынуўся моцны трапічны цыклон. “Я малюся пра загінулых, параненых і перасяленцаў. Няхай Пан падтрымае сем’і і супольнасці, якія найбольш пацярпелі ад гэтага бедства”, - запэўніў Святы Айцец.
 

15 сакавіка 2023, 12:27