Папа Францішак і ксёндз Гільерма Марка Папа Францішак і ксёндз Гільерма Марка 

Францішак: у святарстве мне падабаецца служэнне

Святарства было адной з тэм інтэрв’ю, якое зрабіў з Папам для выдання Infobae, ксёндз Гільерма Марка – прэс-сакратар Буэнас-Айрэскай архідыяцэзіі ў часы біскупскага служэння Хорхэ Бэрголіа ў Аргентыне.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прызнаўся, што ў святарстве яму падабаецца служэнне. Ён расказаў, як да аднаго святара, які служыў у вельмі бедным квартале, людзі прыходзілі і грукалі ў вакно нават пасля таго, як ён зачыняў дзверы парафіяльнага дома: ад стомленасці ён хацеў зачыніць і вакно, але разумеў, што ў такім выпадку будзе адчуваць сябе яшчэ горш.

“Гэта таму, што, увашоўшы ў рытм служэння, адчуваеш сябе кепска, калі бярэш для сябе кавалачак эгаізму. Пакліканне да служэнне крыху такое: не можаш уявіць жыццё, калі не служыш. Я ні на што не прамяняў бы святарства пасля досведу быцця святаром”, - падкрэсліў Пантыфік.

Згадваючы пра распазнанне паклікання, на якое ў значнай ступені паўплывала споведзь, да якой ён прыступіў 21 верасня 1953 года, ва ўспамін святога Мацвея, у касцёле святога Хасэ дэ Флорэса ў Буэнас-Айрэсе, Францішак падкрэсліў, што рашэнне ў ім выспявала паступова.

“Я не выйшаў адтуль, каб адразу пайсці ў семінарыю... Прайшло тры гады. Гэта нібыта працэс, які змяняе твае арыенціры. Пан уваходзіць у тваё жыццё і ўпарадкоўвае яго на новы лад. Пры гэтым, не пазбаўляючы свабоды. Я ніколі не меў адчування таго, што не з’яўляюся свабодным”, - дадаў Святы Айцец.

Адказваючы на пытанне пра тое, што ён сказаў бы іншым пастырам, Францішак сцвердзіў: “Святару я кажу – будзь святаром! Калі не атрымліваецца – шукай іншы шлях, Касцёл расчыняе перад табой іншыя дзверы. Але не будзь функцыянерам. Мне падабаецца казаць: будзьце пастырамі народу, а не касцёльнымі бюракратамі”.

Францішак прызнаўся, што, наследуючы Хрыста, адчувае сябе спакойным і шчаслівым. “Калі ж не наследую Яго, таму што стаміўся, таму што прызначыў для Яго толькі пэўную гадзіну або ўстанавіў ліміт часу, тады пачуваю сябе чэрствым”, - сказаў Святы Айцец.
 

14 сакавіка 2023, 11:59