Аўдыенцыя для будысцкіх манахаў Аўдыенцыя для будысцкіх манахаў  (Vatican Media)

Пантыфік будысцкім манахам: культура сустрэчы будуе масты

16 сакавіка 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыю дэлегацыю будысцкіх манахаў з Тайваня – прадстаўнікоў гуманістычнага будызму, якія прыбылі ў Ватыкан ў рамках “адукацыйнай пілігрымкі”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік заўважыў, што візіт манахаў з’яўляецца шчаслівай нагодай, каб “прасунуцца ў культуры сустрэчы”, у рамках якой мы “рызыкуючы адкрываемся іншым у надзеі знайсці ў іх сяброў, братоў і сясцёр, і такім чынам вучымся і ўсё больш і больш адкрываем саміх сябе”.

Францішак падкрэсліў, што “міжрэлігійная адукацыйная пілігрымка”, якую здзяйсняюць будысты, можа стаць крыніцай вялікага духоўнага ўзбагачэння. “Культура сустрэчы будуе масты і адчыняе вокны на святыя каштоўнасці і прынцыпы, якія натхняюць іншых. Яна разбурае муры, якія раздзяляюць людзей і намагаюцца зняволіць іх у прадузятасці, забабонах ці раўнадушшы”, - дадаў Святы Айцец.

Міжрэлігійная адукацыйная пілігрымка ў святыя месцы іншых рэлігій можа таксама ўзбагаціць наша разуменне падыходу гэтых рэлігій да боскага. “Шэдэўры рэлігійнага мастацтва, якія атачаюць нас у Ватыкане і ва ўсім Рыме, адлюстроўваюць перакананасць у тым, што ў Езусе Хрысце, Бог сам стаў “пілігрымам” у гэтым свеце з любові да нашай чалавечай сям’і. Для хрысціян, Бог, які стаў адным з нас у чалавечнасці Езуса Хрыста, працягвае весці нас у пілігрымцы да святасці, дзякуючы якой мы ўзрастаем ў прыпадабненні да Яго і такім чынам становімся, згодна са словамі святога Пятра, “саўдзельнікамі Божай натуры” (2 П 1,4)”, - сказаў Папа.

“На працягу ўсёй гісторыі вернікі стваралі святыя храмы і месцы як аазісы сустрэч, дзе мужчыны і жанчыны могуць чэрпаць натхненне, неабходнае для мудрага і добрага жыцця”, таму “гэтыя месцы спрыяюць інтэгральнаму выхаванню чалавека” і вядуць яго да спазнання “гармоніі чалавечай цэласнасці, гэта значыць усёй прыгажосці гэтай гармоніі”, - зазначыў Пантыфік.

На думку Святога Айца, “такія аазісы сустрэчы яшчэ больш неабходныя ў наш час, у якім “няспынна ўзрастаючая хуткасць пераменаў чалавецтва і нашай планеты спалучаецца сёння з больш інтэнсіўным рытмам жыцця і працы” (Laudato si’, 18).

“Гэтая рэчаіснасць таксама ўплывае на рэлігійнае жыццё і культуру і патрабуе адпаведнай фармацыі і выхавання моладзі ў вечных праўдах і правераных метадах малітвы і будавання міру”, - сказаў Францішак, адзначаючы спрадвечную сувязь паміж рэлігійнай і адукацыйнай сферамі.

“Як у мінулым, так і сёння, з мудрасцю і чалавечнасцю нашых рэлігійных традыцый, мы хочам быць стымулам для адноўленага выхаваўчага дзеяння, якое можа спрыяць росту ўсеагульнага братэрства ў свеце”, - падкрэсліў Святы Айцец, выказваючы сваім гасцям пажаданне, каб адукацыйная пілігрымка, якую здзяйсняюць у Рым, прывяла іх, пад кіраўніцтва іх вялікага духоўнага настаўніка Буды, да больш глыбокай сустрэчы з самімі сабой і іншымі, з хрысціянскай традыцыяй і прыгажосцю зямлі, нашага супольнага дому.

16 сакавіка 2023, 11:32