Пантыфік: кожнаму хвораму дзіцяці патрэбна пяшчота мамы і таты
Марыя Валодзіна – Vatican News
Кожнаму захварэламу дзіцяці для выздараўлення, акрамя лекараў і медсясцёр, патрабуюцца “любоў, пяшчота і блізкасць мамы і таты”. “Сур'ёзна хвораму дзіцяці неабходна спецыялізаваная дапамога, і часта гэтую дапамогу можна атрымаць толькі ў клініках, размешчаных далёка ад хаты”, - гаворыцца ў пасланні Святога Айца да італьянскай дабрачыннай арганізацыі UNITALSI з нагоды адкрыцця ў Мілане гасціннага дома, у якім змогуць спыняцца бацькі маленькіх пацыентаў. З дапамогай гэтай ініцыятывы, - піша Францішак, - “спраўджваецца мара пра дом, у якім з усмешкай будуць прымаць тых, хто змагаецца з хваробай, асабліва мам і тат”.
Святы Айцец нагадаў, што з самага пачатку падтрымаў гэты праект, аб якім ён даведаўся год таму назад. Дом, названы ў гонар памерлага італьянскага тэлевядучага Фабрыцыа Фрыцы, размешчаны побач з касцёлам Мадонна-дэле-Грацые – невялікай святыняй, у якой міланцы звяртаюцца да Панны Марыі, просячы яе аб нябесных дарах і бальзаме для лячэння ран. Менавіта да яе звярнуўся і Папа, завяршаючы сваё пасланне, просячы Маці Божую аб падтрымцы, пяшчоце і суцяшэнні для ўсіх бацькоў, якія будуць жыць у Доме імя Фабрыцыа Фрыцы.