Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Францішак: заданне Папы і біскупаў – ствараць гармонію

Місія Папы і біскупаў, адносіны да святарскага цэлібату і святога Францішка Асізскага, былі тэмамі інтэрв’ю, якое Францішак даў аргентынскаму штотыднёвіку Perfil, з нагоды дзясятай гадавіны яго пантыфікату.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Заданне Папы ў адносінах да Касцёла і біскупа ў адносінах да дыяцэзіі – несці гармонію. Гэта слова з’яўляецца фундаментальным, і мы павінны прыйсці да яго, калі кажам пра Святога Духа”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што менавіта Святы Дух стварае адметнасці ў Касцёле, а таксама прыводзіць іх да гарманічнага суіснавання паміж сабой.

Адно з пытанняў падчас размовы з журналістам тычылася адносін да святарскага цэлібату. Святы Айцец нагадаў, што цэлібат – гэта не догма: ён адносіцца да дысцыпліны Касцёла, “якая сёння ёсць, а заўтра яе можа не быць”. У той жа час Папа прызнаўся, што “не гатовы пераглядзець яе”.

Пантыфік падзяліўся думкамі пра апекуна свайго пантыфікату – святога Францішка Асізскага. Ён нагадаў, што гэта быў малады чалавек з добрай сям’і, які ў 20-гадовым узросце пакінуў усё і пачаў жыццё, пазначанае “крэатыўнасцю, якая выклікае захапленне”.

“Жыццё святога Францішка – гэта жыццё рэвалюцыянера”, - сказаў Папа, заўважаючы, што любоў да Хрыста была для яго крыніцай мужнасці, што межавала з вар’яцтвам. Святы прадэманстраваў гэта, калі адправіўся прапаведваць Евангелле мусульманскаму султану, нягледзячы на рызыку для ўласнага жыцця. Святы Францішак выклікае захапленне, але яго не ва ўсім можна наследаваць, - лічыць Пантыфік. “Гэта тыя святыя, якія, каб указаць правільны шлях, ідуць далей, але яны павінны быць крыху больш набліжаныя да звычайнага жыцця”, - дадаў ён.

Пантыфік падзяліўся таксама некаторымі ўспамінамі пра 13 сакавіка 2013 года – дзень, калі быў абраны наступнікам святога Пятра. Ён заўважыў, што калі вынікі галасавання на канклаве сталі зразумелыя, да яго падышоў бразільскі кардынал Клаўдзіў Хумэс і сказаў: “Не бойся, гэта справа Святога Духа”, а потым іерарх даў яму першую параду: “Не забываць пра бедных”. “Тады і з’явілася імя Францішак”, - расказаў Папа.

Журналіст спаслаўся на словы Святога Айца, які часта кажа, што святары павінны мець “пах авечак” – гэта значыць быць блізкімі да свайго статку, блізкімі да людзей. Ён спытаўся ці магчыма гэта таксама для тых, хто служыць у Ватыкане. Пантыфік адказаў станоўча, прывёўшы ў прыклад кардынала Агасціна Казаролі, які будучы Дзяржаўным сакратаром, чалавекам адказным за дыпламатыю Апостальскай Сталіцы, стараўся кожную нядзелю наведваць з пастырскім візітам турмы для непаўналетніх.

На завяршэнне інтэрв’ю Папа скіраваў зварот да сваіх суайчыннікаў, выказваючы падзяку за выхаванне, якое атрымаў ад аргентынскага народа. “Я – аргентынец, я быў выхаваны аргентынскім народам, яго багаццем і супярэчнасцямі. Я ўнаследаваў усё: з’яўляюся сынам эмігрантаў, але аргентынцам у душы”, - сказаў Святы Айцец.
 

14 сакавіка 2023, 10:23